У Мінску адкрылася выстава "Слуцкія паясы"

Сёння, 5 траўня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстава "Слуцкія паясы".
У экспазіцыі можна пабачыць восем цэлых і чатыры фрагменты паясоў розных мануфактур. Яны ўзятыя са збораў маскоўскага Дзяржаўнага гістарычнага музея і Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Найперш на выставе дэманструюцца знакамітыя слуцкія паясы, вырабленыя ў перыяд арандавання мануфактуры вядомым ткачом Лявонам Маджарскім.

Паясы выстаўленыя разам з калекцыяй партрэтаў нясвіжскіх магнатаў — заснавальнікаў Слуцкай мануфактуры. Акрамя таго, наведвальнікі экспазіцыі могуць азнаёміцца з партрэтамі шляхцічаў у слуцкіх, персідскіх і іранскіх паясах, а таксама скураных паясах з металічнымі накладкамі.

На адкрыцці выставы вядомы беларускі літаратуразнаўца і гісторык прафесар Адам Мальдзіс нагадаў, што ў Беларусі, на радзіме слуцкіх паясоў, амаль не захавалася гэтых вырабаў, толькі фрагменты. Па словах навукоўца, па меншай меры 40 паясоў знаходзіцца ў запасніках Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве і каля 10 паясоў дэманструюцца на яго стэндах.

Як паведамляе БелаПАН, выстава працягнецца да 22 красавіка 2009 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі