У мінскім "спальніку" зрэзалі кабелі з электразаправак, відэакамер там няма

Электразапраўка Malanka / vk.com/blacklistminska
Электразапраўка Malanka / vk.com/blacklistminska

У мінскім мікрараёне Уручча, недалёка ад універсама "Першамайскі", вандалы зрэзалі некалькі медных кабеляў з калонак для запраўкі электрамабіляў. Калонкі там стаяць адносна нядаўна, але прадпрымальныя незаконапаслухмяныя грамадзяне ўжо паспелі ўзяць іх на вока.


За два тыдні невядомыя ўкралі чатыры з пяці заправачных кабеляў. Тры — за апошнія тры дні, паведамляе суполка "ЧС Мінск" (“ЧС Минск”) у сацсетцы "УКантакце".

В минском “спальнике” срезали кабели с электрозаправок, видеокамер там нет
Запраўкі для электрамабіляў са зрэзанымі кабелямі / vk.com/blacklistminska

У "Беларуснафце", якой належаць электразаправачныя калонкі, Еўрарадыё паведамілі, што работы па аднаўленні зарадных станцый ужо вядуцца. Шукаць тых, хто зразаў кабелі, будзе міліцыя.

— Выпадак вандалізму, які адбыўся ў мікрараёне Уручча, адзіны. У хуткім часе мы запусцім спецыяльнае праграмнае забеспячэнне, якое дазволіць кантраляваць работу электразарадных станцый анлайн. Са з'яўленнем большай колькасці электракараў на беларускіх дарогах непрадбачаных казусаў з ЭЗС стане менш: станцыі будуць актыўна выкарыстоўвацца кіроўцамі і не застануцца без нагляду, — каментуе сітуацыю прэс-сакратар "Беларуснафты" Вольга Халадовіч.

Пакуль ЭЗС ва Уруччы не працуюць, кіроўцам прапануюць скарыстацца іншымі зараднымі станцыямі. Іх у Беларусі на цяперашні момант 264. Паралельна запускаюцца новыя электразапраўкі Malanka. Да 2022 года агульная колькасць станцый павінна павялічыцца да 443, з якіх 361 — у Мінску.

За 1 кг медзі ў кампаніі "Белдругасрэсурсы" можна выручыць ад 10,54 да 10,61 рубля. Тым, хто вырашыць пажывіцца кабелямі электразаправак, па артыкуле 205 КК РБ пагражае ад 3 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

В минском “спальнике” срезали кабели с электрозаправок, видеокамер там нет
Прэйскурант ААТ “Белдругасрэсурсы”

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі