У мінскім дзіцячым садку на каранавірус захварэла нянечка

У мінскім дзіцячым садку на каранавірус захварэла нянечка

У адным з мінскіх дзяцячых садкоў на каранавірус захварэла нянечка. Пра гэта паведамляе Радыё "Свабода" са спасылкай на сваю чытачку. 

Па словах жанчыны, спярша нянечцы паставілі дыягназ грып. "А потым яна пачала задыхацца і страціла прытомнасць. І ёй выклікалі хуткую, адразу праверылі на вірус", — распавядае чытачка.

29 сакавіка стала вядома, што тэст на каранавірус даў станоўчы вынік. Групу, у якой працавала захварэлая, закрылі. 

Як кажа жанчына, перад гэтым нянечка правяла на бальнічным тыдзень ці два, пасля чаго не кантактавала з дзецьмі. Спярша яна ляжала ў 3-й лякарні, потым яе перавялі ў інфекцыйную. Паводле яе, ва ўсіх, хто кантактаваў з хворай, будуць браць мазок на каранавірус.

Дырэктарка садка адмовілася пацвярджаць ці абвяргаць інфармацыю пра нянечку і групу, дзе тая працавала. "Мы працуем у штатным рэжыме, выконваюцца ўсе эпідэміялагічныя мерапрыемствы. Па каментар можаце звяртацца ў аддзел аховы здароўя Партызанскага раёна", — заявіла яна.

Тым часам намесніца кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска Людміла Філіповіч пацвердзіла выпадак каранавіруса ў дзіцячым садку. Яна запэўніла, што прымаюцца ўсе меры бяспекі.

Чыноўніца дадала, што ўсю групу, дзе працавала хворая, ізалявалі, а таксама — бацькоў дзетак. Дакладную колькасць ізаляваных Філіповіч назваць не змагла. Яна патлумачыла, што ў групе лічыцца каля 20 чалавек, але не ўсе яны апошнім часам хадзілі ў садок.

На сёння ў Беларусі 152 афіцыйна пацверджаныя выпадкі захворвання на каранавірус. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі