Вы тут

У мінскім аэрапорце затрымалі былога кіраўніка адміністрацыі Стаўрапаля

Грамадзянін РФ на пашпартным кантролі / twitter.com/GpkGovBy

У мінскім аэрапорце затрымалі былога кіраўніка адміністрацыі расійскага Стаўрапаля, паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт РБ. Ён спрабаваў аформіцца на рэйс "Мінск — Стамбул", але не прайшоў памежны кантроль. Расійскі грамадзянін меў пры сабе пашпарт "з прыкметамі частковай падробкі". Далейшае разбіральніцтва паказала, што ў замежніка пры сабе быў сапраўдны расійскі ўнутраны пашпарт, аднак выезд яму за межы РФ абмежаваны. У 2014-м ён быў асуджаны на 9 гадоў калоніі за хабарніцтва. На волю выйшаў пасля ўмоўна-датэрміновага вызвалення, пры якім і абмяжоўваецца права на выезд за мяжу. Пра гэта грамадзянін Расіі ведаў, паколькі скарыстаўся падробленым дакументам.

За падробку дакументаў распачата крымінальная справа, парушальніка перадалі супрацоўнікам Следчага камітэта Беларусі.

Затрыманне адбылося яшчэ ўвечары 10 студзеня, але пра яго паведамілі толькі ў сераду.

Вядома, што летам 2014 года быў асуджаны былы кіраўнік адміністрацыі Стаўрапаля Ігар Бястужы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.