Вы тут

У Мінсельгасхарчы назвалі прычыны, па якіх Беларусь імпартуе бульбу

У гэтым годзе краіна адправіла на экспарт больш за 200 тысяч тон бульбы

Першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыла ў інтэрв'ю тэлеканалу АНТ паведаміў, што Беларусь імпартуе не так шмат бульбы, паколькі краіне дастаткова ўласнай.

У гэтым годзе ў краіне выраблена каля 900 тысяч тон бульбы, прычым звыш 200 тысяч тон адпраўлена на экспарт. Імпарт бульбы склаў каля 20 тысяч тон.

Як правіла, Узбекістан, Казахстан, Кыргызстан і Егіпет пастаўляюць маладую бульбу ў Беларусь вясной — "ёсць такая пазіцыя", заявіў першы намеснік міністра. Акрамя таго, імпарт бульбы тлумачыцца тым, што менавіта ён патрэбны вытворцам чыпсаў у краіне — "чамусьці здаецца, што менавіта з гэтай бульбы смакавыя якасці чыпсаў будуць больш годныя", заўважыў Брыла.

Таксама замежная бульба выкарыстоўваецца для селекцыі новых гатункаў — яе доля складае 25%. У Мінсельгасхарчы лічаць, што "селекцыянерам таксама трэба спаборнічаць".

Як паведамляла Еўрарадыё, сёлета Беларусь упершыню пачала імпартаваць бульбу з іншых краінаў падчас уборкі свайго ўраджаю. Пры гэтым галоўным пастаўшчыком бульбы ў Беларусь, паводле звестак інфармацыйна-аналітычнай платформы EastFruit, з'яўляецца Украіна. Пастаўкі з гэтай краіны за першыя 7 месяцаў 2021 года перавысілі 15 тысяч тон.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.