Вы тут

"Барані божа" і "сеяць азімыя ноччу": сельская гаспадарка асела ў пік сезона

Сельскагаспадарчыя работы ідуць павольней, чым летась / Еўрарадыё

Рост ВУП Беларусі запавольваецца. Свой унёсак зрабіла і сельская гаспадарка. За студзень — верасень рост ВУП склаў 2,7% да студзеня — верасня мінулага года. За студзень — жнівень гэты паказчык быў 3%.

Па выніках дзевяці месяцаў вытворчасць у сельскай гаспадарцы ўпала на 6,6%. Летась сельская гаспадарка за гэты ж перыяд вырасла на 4,9%. Толькі за верасень 2021 года зніжэнне склала 13,7%.

Еўрарадыё разабралася, што не так у сельскай гаспадарцы, і даведалася, што адбываецца ў суседзяў.

Правал у сельскай гаспадарцы адбыўся праз неўраджай. На гэтым фоне даўгі прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі б'юць рэкорды. Да 1 верасня запазычанасць гэтых прадпрыемстваў склала 16,3 млрд рублёў і павялічылася на 9,3% з пачатку года. Гэта і так датацыйная галіна, а цяпер прадпрыемствы не могуць ажывіцца нават у сезон збору ўраджаю.

У плюсе толькі вытворчасць малака / Еўрарадыё

Белстат паведамляе, што жывёлы і птушкі выраблена 1348,9 тысячы тон. Гэта на 50,9 тысячы тон менш, чым у студзені — верасні 2020 года. Затое традыцыйна расце вытворчасць малака. Яна павялічылася на 43,5 тысячы тон да 5945,6 тысячы тон.

Колькасць свіней скарацілася на 0,2 млн галоў і склала 2,4 млн.
 

Ураджай амаль сабралі, але замала

Белстат адзначае, што сельгасарганізацыі да пачатку кастрычніка амаль завяршылі ўборку збожжавых і зернебабовых культур, не лічачы кукурузы.

Збожжа намалочана 6,4 млн тон. Гэта на 23% менш, чым было на 1 кастрычніка мінулага года. Рэч ва ўраджайнасці. Калі летась яна склала 36,7 цэнтнера з гектара, то сёлета сярэдняя ўраджайнасць толькі 30,2 цэнтнера з гектара.

Да 1 кастрычніка бульба ўбраная з 54,6% плошчаў (летась — 68,9%). Паводле звестак Мінсельгасхарча, на 17 кастрычніка сабралі 588,3 тысячы тон, што на 78,1 тысячы тон менш, чым за год да гэтага. Ураджайнасць склала 263,8 цэнтнера з гектара, а летась — 284,6 цэнтнера.

Самае крыўднае, што збор бульбы таксама прасеў / Еўрарадыё

Цукровыя буракі таксама збіраюць павольней. Атрымана 769,2 тыс. тон з 20,4% плошчаў. Летась паспелі ўбраць 26,6% плошчаў, на якіх было 940,3 тысячы тон буракоў.

Гародніны атрымана 57,2 тысячы тон з 51,2% плошчаў. На 1 кастрычніка 2020 года было выраблена 69,9 тысячы тон гародніны з 59,4% убраных плошчаў. Ураджайнасць з гектара ўпала са 197 цэнтнераў да 189 цэнтнераў.

Нарыхтоўка кармоў аказалася не такой удалай, як летась. Іх атрымалася 10 млн тон супраць 11,2 млн тон летась.

Згодна з дакладам міністра сельскай гаспадаркі Івана Крупко, няўдачы спасцігаюць сельскую гаспадарку праз дрэннае надвор'е.
 

Лукашэнка пагражае вінаватым

Аляксандр Лукашэнка застаўся незадаволены і падрыхтоўкай да вясны, і тэмпамі збору ўраджаю.

— Барані божа, хоць дзесьці ў краіне пойдзе пад снег кукуруза, якую мы пакінулі на зерне. Я ведаю, што кажу: 11-я гадзіна — я не ўбачыў ніводнага камбайна ў полі, які б убіраў кукурузу. Хай сабе камбайн для ўборкі кукурузы, але я не ўбачыў ніводнага трактара, які б араў, пад зябліва падымаў глебу, — прыгразіў Лукашэнка віцэ-прэм'еру Аляксандру Субоціну ў часе візіту ў Гродзенскую вобласць 26 кастрычніка.

Тэмпы збору кукурузы засмуцілі Лукашэнку / Еўрарадыё

Таксама Лукашэнка даручыў ураду і Мінсельгасхарчу ў самыя кароткія тэрміны пасеяць азімыя і праводзіць работы нават уначы.

У той жа час у Расіі за восем месяцаў сельская гаспадарка ў грашовым выражэнні ўпала на 3,4% у адносінах да адпаведнага перыяду мінулага года. Там гэта звязваюць са скарачэннем попыту і позняй уборкай ураджаю.

Затое ва Украіне назіраецца рост сельскай гаспадаркі за кошт добрага надвор'я. Напрыклад, вытворчасць збожжавых і зернебабовых культур у студзені — верасні павялічылася на 40%. Па выніках студзеня — верасня рост сельскай гаспадаркі ва Украіне склаў 1,9%. Але, як і ў Беларусі, адбыўся спад у верасні. Бо па выніках студзеня — жніўня рост ва Украіне быў 8,4%.

Летась сельская гаспадарка ва Украіне, наадварот, падала, пакуль беларуская расла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.