У Мінпрацы Беларусі распавялі пра будучыя змены ў аплаце бальнічных. Новаўвядзенне чакаецца толькі праз год — з 1 студзеня 2024-га. Сцвярджаецца, што тады "павысіцца ўзровень сацыяльных гарантый грамадзянам па аплаце бальнічных".
Што ж зменіцца? Тым беларусам, хто адпрацаваў 10 гадоў і больш, з першага дня хваробы будуць плаціць "100% ад страчанага заробку". Хто адпрацаваў менш, атрымае толькі 80%. На сённяшні дзень за першыя 12 дзён хворы атрымлівае 80% ад заробку, і толькі далей — поўную кампенсацыю. Мінімальны памер бальнічных прывяжуць да мінімальнага заробку, які рэгулярна індэксуецца.
Яшчэ адна змена — пры разліку бальнічных будзе ўлічвацца заробак ва ўсіх працадаўцаў, а не толькі ад асноўнага. Будуць улічвацца ўсе выплаты, на якія налічваюцца ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны. Больш падрабязна — на сайце Мінпрацы.