У Міністэрстве аховы здароўя кажуць аб альтэрнатыўных шляхах паставак запчастак

Рамонт камп'ютарнага тамографа ў Слуцкай райбальніцы / slcrb.by
Рамонт камп'ютарнага тамографа ў Слуцкай райбальніцы / slcrb.by

Міністэрства аховы здароўя знайшло новыя лагістычныя маршруты пастаўкі ў Беларусь запасных частак да медтэхнікі. Пра гэта перад калегіяй ведамства заявіў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

"Ёсць лагістычныя праблемы: калі мы закупляем імпартнае абсталяванне, у нас у той ці іншай ступені ўзнікаюць пытанні пастаўкі запасных частак, асабліва з недружалюбных нам краін", — цытуе Піневіча БЕЛТА. Паводле слоў міністра, чыноўнікам удалося знайсці партнёраў, якія дапамогуць ужо сёлета закрыць праблему з запчасткамі.

Новыя лагістычныя маршруты запрацуюць ужо ў першым паўгоддзі. Больш за тое, у парку "Вялікі камень" сумесна з партнёрамі плануецца лакалізоўваць вытворчасць медыцынскай тэхнікі, а таксама арганізоўваць яе рамонт і абслугоўванне.

Піневіч таксама расказаў, што закуплена 98 адзінак цяжкай медтэхнікі. У выніку цяпер, з яго слоў, "уся краіна ў поўнай меры закрытая так званымі коламі залатой гадзіны, калі пацыента цягам не больш як гадзіны могуць даставіць у цэнтр, дзе ёсць камп'ютарны тамограф, каб правесці дыягностыку і аказаць кваліфікаваную меддапамогу".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі