У Мінабароны Украіны распавялі, калі працягнуць наступ — 292-я раніца вайны

Самыя жорсткія баі ідуць на Данбасе / facebook.com/GeneralStaff.ua/
Самыя жорсткія баі ідуць на Данбасе / facebook.com/GeneralStaff.ua/

Украінскія войскі працягнуць актыўнае контрнаступленне, калі наступяць маразы і грунт зацвярдзее, заявіў напярэдадні міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў у Адэсе на сумеснай прэс-канферэнцыі з міністрам абароны Швецыі Полам Ёнсанам.

Рэзнікаў адзначыў, што ў апошні час з-за надвор'я склаліся цяжкія ўмовы для нападаў. Колавая тэхніка не можа рухацца па вільготным грунце.
"Украінскія ўзброеныя сілы не плануюць спыняцца. Таму, выкарыстоўваючы момант, калі глеба стане цвярдзей, я перакананы, што мы будзем працягваць нашы контратакі, кампанію па вызваленні нашых тэрыторый", — заявіў міністр.

Асноўныя баі цяпер ідуць на Данбасе. У мінулыя суткі расійскія войскі дамагліся нязначных тэрытарыяльных заваёў каля Бахмута, гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW). Прадстаўнікі УСУ кажуць, што расіяне змянілі тут тактыку — зараз робяць стаўку не на батальённыя тактычныя групы (БТГ), а на больш дробныя штурмавыя групы. Акрамя таго, у справаздачы прыводзіцца інфармацыя, што расійскія войскі перакінулі з Херсонскага на Купянскі кірунак больш за 200 адзінак тэхнікі. Купянск — гэта горад у Харкаўскай вобласці. "На геалакацыйных кадрах відаць, як расійскія танкі Т-90 у Луганскай вобласці рухаюцца на захад", — гаворыцца ў справаздачы Інстытута.

У гэтай справаздачы эксперты ISW таксама падрабязна аналізуюць верагоднасць уступлення ў вайну Беларусі. І па-ранейшаму ацэньваюць гэтую верагоднасць як вельмі нізкую, нягледзячы на тое, што "расійскія афіцыйныя асобы пастаянна праводзяць інфармацыйныя аперацыі, якія прадугледжваюць, што беларускія звычайныя сухапутныя войскі могуць далучыцца да расійскага ўварвання ва Украіну".

Лукашэнка разумее, што ўварванне ва Украіну можа аслабіць ягоны рэжым унутры краіны. Таму накіраванне сілавікоў, якія дапамагалі яму душыць пратэсты ў 2020 і 2021 годзе на вайну "пакіне Лукашэнку адкрытым для новых беспарадкаў і супраціву". Але нават калі гэта і адбудзецца, то вялікага эфекту не прынясе. Беларускае войска мае вельмі абмежаваную эфектыўную баявую моц, таму "беларускае ўмяшанне не зможа зрабіць нічога, акрамя як часова адцягнуць украінскія сухапутныя войскі ад іншых частак тэатра ваенных дзеянняў".

В Минобороны Украины рассказали, когда продолжат наступление — 292-е утро войны
Карта баёў у Харкаўскай, Луганскай і Данецкай абласцях 11 снежня 2022 года / understandingwar.org

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапануе склікаць Глабальны саміт свету. Аб гэтым ён казаў падчас тэлефоннай размовы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Зяленскі падкрэсліў, што Украіна імкнецца да міру, а для гэтага важная кансалідацыя міжнародных намаганняў. Падчас размовы украінскі прэзідэнт таксама прасіў Байдэна дапамагчы абараніць мірнае насельніцтва Украіны і яе крытычную інфраструктуру. Ён нагадаў, што ў выніку апошніх расійскіх абстрэлаў было знішчана каля 50% энергетычнай інфраструктуры краіны.

Сёння Украіна прыме ўдзел у саміце G7. "Рыхтуемся да ўдзелу, чакаем важных вынікаў", — аб гэтым Зяленскі ўжо казаў у традыцыйным відэазвароце. Украінскі прэзідэнт таксама распавёў аб увядзенні персанальных санкцый супраць сямі чалавек. Гэта дзеячы Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага патрыярхату, удакладняе Hromadske. Іх актывы будуць заблакаваныя, ліцэнзіі ануляваныя. Яны будуць пазбаўленыя дзяржузнагарод.

"Робім усё для таго, каб дзяржава-агрэсар не мела ні адной нітачкі, за якую магла б тузаць ўкраінскае грамадства", — пракаментаваў гэта рашэнне Зяленскі.

Халоднае надвор'е не ўплывае на іранскія дроны-камікадзэ Shahed-136, якімі Расія абстрэльвае Украіну. Пра гэта заявіў прадстаўнік камандавання паветраных сіл Юрый Ігнат у эфіры тэлемарафона. Але гэтыя беспілотнікі адчувальныя да шквальнага ветру і абледзянення.

"Шквальны вецер можа ўплываць на плоскасць крыла "Шахіда". Пры пэўнай вільготнасці паветра можа быць абледзяненне гадзіну-дзве-тры, а потым яны могуць спакойна ляцець у любое марознае надвор'е. Гэта не праблема", — цытуе Ігната Hromadske. Ён таксама нагадаў, што украінская супрацьпаветраная абарона пакуль не можа збіваць расійскія балістычныя ракеты. Паводле яго слоў, "самы эфектыўны метад знішчэння гэтых ракет на старце, там, дзе яны размешчаны".

Украінскія піратэхнікі з пачатку вайны абясшкодзілі на тэрыторыі краіны звыш за 300 тысяч выбухованебяспечных прадметаў і амаль тры тысячы кілаграмаў выбуховага рэчыва. Пра гэта паведамляе Дзяржаўная служба Украіны па надзвычайных сітуацыях (ДСНС). Пры гэтым ратавальнікі папярэджваюць, што  снарады, якія неразарваліся, яшчэ могуць быць у закінутых дамах, пад адкрытым небам, на палях, у лясах, на ўзбочынах дарог, дзіцячых пляцоўках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі