Вы тут

У Маскве дзівяцца, што Лукашэнку падазраюць у заахвочванні нелегальнай міграцыі

З пачатку года літоўскія памежнікі затрымалі больш за 2200 мігрантаў. Гэта ў дзясяткі разоў больш, чым за ўвесь мінулы год / Reuters​

У МЗС Расіі здзіўленыя падазрэннямі, якія выказваюць у адрас Аляксандра Лукашэнкі заходнія палітыкі. У Вільні і іншых краінах ЕС кажуць пра тое, што да наплыву мігрантаў у Літву могуць быць датычныя беларускія ўлады.

"Абвінавачванні Мінска ў заахвочванні нелегальнай міграцыі ў краіны Еўрасаюза з Блізкага Усходу, якія гучаць з вуснаў некаторых заходніх палітыкаў, выклікаюць здзіўленне",заявіў намеснік міністра замежных спраў Расіі Андрэй Рудэнка у інтэрв'ю РІА "Навіны".

Па словах расійскага чыноўніка, Літве "замест падрыўной дзейнасці варта было б вырашаць надзённыя для яе пытанні процідзеяння незаконным мігрантам у кантактах з беларускімі ўладамі". А Вільня, лічыць Рудэнка, ухіляецца ад супрацоўніцтва і, больш за тое, "нарошчвае канфрантацыйную лінію".

У апошнія месяцы паток мігрантаў на літоўска-беларускай мяжы істотна павялічыўся. З пачатку года літоўскія памежнікі затрымалі больш за 2200 мігрантаў. Пры тым што за ўвесь мінулы год іх было спынена каля 80.  

Аляксандр Лукашэнка, каментуючы міграцыйны крызіс на мяжы, неаднаразова заяўляў, што Беларусь была бар'ерам на шляху пранікнення нелегальных мігрантаў у суседнюю дзяржаву, але праз санкцыі больш не можа гэта рабіць у поўным аб'ёме.

"Сёння мы гэтым займаемся, але роўна настолькі, наколькі гэта неабходна і выгадна нашай краіне", казаў ён, у прыватнасці, у пачатку ліпеня.

Лукашэнка адхіляе ўсе абвінавачванні. У інтэрв'ю арабскаму тэлеканалу ён запатрабаваў пакласці "факты на стол". "Ніхто нам факты пра тое, што мы заахвочваем або спрыяем міграцыі, на стол не паклаў", — заявіў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.