У Марыупалі зносяць драмтэатр, дзе загінулі сотні людзей — 303-я раніца вайны

Знос драмтэатра ў Марыупалі / скрыншот відэа
Знос драмтэатра ў Марыупалі / скрыншот відэа

Два дзіцяці пацярпелі напярэдадні ў час абстрэлу Запарожскай вобласці. На іх абрынулася сцяна дома. Пра гэты выпадак распавядае "Суспільне" са спасылкай на старшыню Камышавахінскай грамады Юрыя Карапецяна. Падчас абстрэлу вёскі Магдалинаўка, па яго словах, у адным з прыватных дамоў павалілася сцяна, за якой хаваліся дзеці. Яны цяпер з лёгкімі раненнямі ў бальніцы.

"Сёння вораг вырашыў пахаваць двух хлапчукоў. Жыўцом. Ракета ўдарыла па іх хаце. Яны вытрымалі, сцяна — не. Двое герояў, трох і пятнаццаці гадоў", — так пракаментаваў гэтую сітуацыю старшыня Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Старух.

В Мариуполе сносят драмтеатр, где погибли сотни людей — 303-е утро войны
Наступствы абстрэлу Запарожскай вобласці / @starukhofficial

А ў акупаваным Марыўпалі расіяне зруйнавалі палову будынка Драматычнага тэатра. Пра гэта распавядае дарадца гарадскога галавы Пётр Андрушчанка.

"Проста зруйнавалі дашчэнту. Так ужо праз два дні ад яго не застанецца нават фізічнага ўспаміна", — напісаў ён. На думку Андрушчанка, расіяне знішчаюць доказы забойства. Плануецца пакінуць толькі фасад, як "аснову рэканструкцыі". "Гэта значыць дэмантуюцца толькі тыя часткі будынка, якія даказваюць бамбаванне, а не выдуманы прапагандай падрыў знутры", — кажа Андрушчанка.

Нагадаем, 16 сакавіка расійскія вайскоўцы скінулі авіябомбу на драматычны тэатр у Марыупалі. На той момант там маглі быць сотні мясцовых, якія хаваліся і чакалі эвакуацыі з горада. Улады Марыупаля казалі, што загінулі каля 300 чалавек.

На фронце без бачных пераменаў. Украінскія вайскоўцы адбівалі атакі ў Луганскай і Данецкай абласцях, а таксама ў раёне населенага пункта Высокае Сумскай вобласці. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

Расійскія крыніцы са свайго боку пішуць, што іх войскі працягваюць весці цяжкія баі ў пазіцыйным наступе ў раёне Купянска (Харкаўская вобласць): "Праціўнік аказвае актыўны супраціў: уздоўж усёй лініі фронту працуюць дыверсійныя групы, падцягваюцца дадатковыя рэзервы". У Бахмуце, па дадзеных расійскага рэсурсу, "украінскае камандаванне працягвае ўводзіць у бой свежыя рэзервы, спрабуючы ўтрымаць горад". Ідуць баі ля Кляшчэеўкі і Курдзюмаўкі.

У Інстытуце вывучэння вайны адзначаюць, што расійскія войскі ў мінулыя суткі працягвалі праводзіць абмежаваныя контратакі ўздоўж лініі Крэменная-Сватава, а ўкраінскія сілы працягвалі контрнаступныя аперацыі ў раёне Крамянной.

В Мариуполе сносят драмтеатр, где погибли сотни людей — 303-е утро войны
Карта баёў у Данецкай вобласці / understandingwar.org

Каманда прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага плануе ў лютым 2023 года прадставіць мірны план для заканчэння вайны. Аб гэтым піша The Wall Street Journal. Формулу міру абмяркоўвалі падчас візіту Уладзімір Зяленскага ў Вашынгтон 21 снежня. Па словах еўрапейскіх і ўкраінскіх дыпламатаў, Кіеў цяпер канкрэтызуе свой план. Прадставіць яго плануюць у гадавіну пачатку вайны 24 лютага або каля гэтай даты.

"Пазіцыя Украіны на любых перамовах, дзе яна, імаверна, запатрабуе ад Масквы значных саступак, будзе залежаць ад яе пазіцыі на полі бою, і таму Кіеў хоча падрыхтавацца да патэнцыйных мірных перамоваў шляхам дасягнення вайсковых перамог", — гаворыцца ў матэрыяле.

Нагадаем, крыніца The Washington Post пасля сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і Украіны распавяла, што ў адміністрацыі Байдэна разглядаюць тры мадэлі заканчэння вайны ва Украіне шляхам перамоваў: вывад расійскіх войскаў з усёй тэрыторыі Украіны (у тым ліку з Крыма і Данбаса); адвод расійскіх войскаў да лініі 2014 года; вывад войскаў з усіх тэрыторый, акрамя Крыма. Зяленскі раней казаў, што Украіна згодная толькі на вывад расійскіх войскаў з усёй тэрыторыі Украіны.

У бліжэйшы час Злучаныя Штаты пачнуць падрыхтоўку ўкраінскіх войскоўцаў па выкарыстанні сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot, піша CNN. На днях гэтыя СПА перадаюць Украіне. У Пентагоне і паветраных сілах УСУ кажуць, што ўкраінскім вайскоўцам для авалодання комплексамі Patriot трэба некалькі месяцаў.

А Еўрапейскі Саюз тым часам мабілізуе на патрэбы Украіны яшчэ 900 генератараў. Іх выкарыстоўваюць для забеспячэння электраэнергіяй бальніц. Пра гэта паведаміла прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен у Twitter. Акрамя таго, Еўрасаюз працуе над павелічэннем патокаў электраэнергіі паміж Украінай, Малдовай і астатняй Еўропай. "Свет будзе", — напісала Урсула фон дэр Ляйен на ўкраінскай. Нагадаем, што раней Еўрапейская камісія абвясціла аб адпраўцы ва Украіну 40 генератараў. Адзін такі генератар магутнасцю 220 кілават можа забяспечыць электраэнергіяй усю бальніцу. Пасля расійскіх удараў па Украіне апынулася разбурана да 50% энергасістэмы. У шэрагу рэгіёнаў дзейнічаюць аварыйныя адключэнні святла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі