Вы тут

У Магілёве п’янаму пакупніку не ставала грошай і ён разграміў краму

Фота з месца здарэння

У Магілёве п’яны пакупнік разграміў краму, бо яму не ставала грошай на аплату тавару. Як паведамляе сайт chp24.by са спасылкай на прэс-службу Дэпартамента аховы МУС, інцыдэнт здарыўся 22 жніўня каля 16:00.

30-гадовы малады чалавек з яўнымі прыкметамі алкагольнага ап’янення прыйшоў у адну з мясцовых крамаў, узяў хлеб, малако і згушчонку ды скіраваўся да касы. Дастаткова  грошай для разліку за тавар ён не меў і заявіў, што прадавачка магла б дадаць яму патрэбную суму. Але супрацоўніца крамы адмовілася.

Гэтая адмова прывяла пакупніка ў шаленства: ён стаў мітусіцца па краме і бурыць усё навокал: перакуліў шафу з прадуктамі, схапіў скрыні з дробным таварам і кідаў у прадаўца. Жанчына не пацярпела, бо ўдала ўвярнулася, паспеўшы пры гэтым націснуць трывожную кнопку.

Дэбашыр уцёк, але яго затрымалі праз 10 хвілінаў. Цяпер на мужчыну завялі крымінальную справу за хуліганства.