У людзей у сектары Газа застаецца некалькі гадзін, каб эвакуявацца

Палестынцы ідуць у больш бяспечныя гарады на поўдні сектара Газа

Палестынцы ідуць у больш бяспечныя гарады на поўдні сектара Газа / Mahmud Hams/AFP/Getty Images

Ізраіль прапанаваў жыхарам поўначы Газы эвакуявацца на поўдзень сектара з 10: 00 да 16: 00 у суботу па мясцовым часе.

Тэль-Авіў раскідаў улёткі, у якіх заклікае жыхароў пакінуць тэрыторыю. ВВС піша, што ў паўночнай частцы густанаселенага сектара пануе паніка. Тут жыве больш за мільён чалавек.

Ізраіль прапануе для эвакуацыі два маршруты. ЦАХАЛ запэўнівае палестынцаў, што ў гэты прамежак часу перамяшчэнне гэтымі маршрутамі будзе цалкам бяспечным. Гэты заклік галоўным чынам тычыцца жыхароў двух гарадоў Газы — Бейт-Хануна і Хан-Юніса. Яны могуць стаць першымі мэтамі ізраільскай наземнай аперацыі.

Хоць на пазначаных Ізраілем маршрутах ужо ўтварыліся доўгія чэргі з людзей і машын, многія жыхары Газы заявілі, што не рушаць з месца.

 

Міжнародная рэакцыя: дапусціце гуманітарную дапамогу ў Газе

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЕС Жазэп Барэль сказаў, што рэкамендацыю Ізраіля аб эвакуацыі цалкам немагчыма выканаць. Сітуацыю, пры якой мільён чалавек спрабуюць эвакуявацца на працягу ўсяго толькі содняў, ён назваў гуманітарным крызісам.

Ён пацвердзіў падтрымку Ізраілю з боку ЕС. Але нагадаў, што, абараняючы сябе, краіна абавязаная прытрымлівацца міжнароднага гуманітарнага права.

ААН таксама папярэджвае Ізраіль, што перасоўванне такой колькасці чалавек абернецца крызісам. Арганізацыя заклікае Тэль-Авіў зняць аблогу Газы, каб дапусціць туды гуманітарную дапамогу.

Пад заваламі ў Газе пасля бамбаванняў знаходзіцца шмат дзяцей, якіх усё яшчэ ніхто не можа выцягнуць, нагадвае былы нарвежскі дыпламат, які садзейнічаў перамовам паміж палестынцамі і Ізраілем, Ян Эгеланд. Ён перакананы, што Захад яшчэ не да канца ўсведамляе маштабы крызісу ў Газе.

"Вялікабрытанія, ЗША і ЕЗ справядліва заявілі, што яны падтрымліваюць Ізраіль у барацьбе з тэрарызмам. Спадзяюся, яны не далі дабро на знішчэнне мільёна дзяцей", — дадае дыпламат.

Па словах Эгеланда, загад Ізраіля аб эвакуацыі паўночнай часткі сектара Газа — гэта прымусовае перамяшчэнне людзей, якое па Жэнеўскім пагадненні лічыцца ваенным злачынствам.

 

Тыдзень таму

Больш за 1,3 тыс. чалавек былі забітыя ў Ізраілі ў мінулыя выходныя ў выніку атакі ХАМАС. Пасля распачатай у адказ ізраільскай бамбардзіроўкі сектара, па дадзеных Палестынскіх уладаў у Газе загінула каля 2 тыс. чалавек. Паводле звестак ААН, за тыдзень бамбаванняў больш за 1,3 тыс. будынкаў у сектары Газа былі разбураныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі