У ляльках фірмы “Mattel” свінца ў фарбе няма

Ён ёсць у машынках “Сержант” (мультфільм “Тачкі”), якія да Беларусі так і не дайшлі. З лялькамі іншая праблема – у іх ёсць маленькія магніты, якія дзіця можа адкалупаць і праглынуць ці засунуць у рот ці вушы. Некалькі дзяцей атруціліся і ёсць адна смерць, паведамляе “The Consumerist”. Спіс “шкодных” лялек глядзіце ў канцы гэтага матэрыяла. Фірма “Mattel” адклікае 7 мільёнаў сваіх цацак па ўсім свеце. Усё яны зробленыя ў Кітаі. Іх небяспека ў павышанай канцэнтрацыі свінца ў фарбе, што можа прывесці да пашкоджання мозгу і нервовай сістэмы, а таксама ў наяўнасці магнітаў, якія дзіця можа праглынуць.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці ёсць у Беларусі цацкі са “шкоднага спісу” “Mattel”.
Беларускія эксперты разважаюць толькі пра крамы, бо на рынках можа з’явіцца што заўгодна.
Адзіны афіцыйны пастаўшчык “Mattel” у Беларусь – фірма “Дэлівэры”. Яе дырэктар Аляксандр Духвалаў распавёў Еўрарадыё, што цацак са свінцом у фарбе на нас не хапіла.

Аляксандр Духвалаў: “Свінец знойдзены ў прадукцыі “Mattel” пад гандлёвай маркай “Car”. Яны з мульціку “Тачкі”, які быў і ў нас вядомы. Два найменні аўтамабіляў былі пафарбаваныя фарбай з павышанай канцэнтрацыяй свінца. Іх няма ў Беларусі, і я іх не бачыў тут нават у прыватнікаў. Калі паказвалі мульцік “Тачкі”, быў пік, мы вельмі хацелі іх атрымаць. Але нам адмовілі, бо “Mattel” не спраўляўся з аб’ёмамі вытворчасці гэтых тачак. Асноўная маса, 80 %, пайшла ў Амерыку і Канаду. Усё астатняе на Еўропу, і нават расіяне іх не атрымалі”.

Шматлікія СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што свінец ёсць у ляльках, і беларускія мамы пачалі шукаць, дзе можна праверыць цацкі сваіх дзяцей. Аказалася, гэта рабіць бессэнсоўна, і не толькі таму, што ў нас няма знакамітых “тачак”.

Лекар-гігіеніст: “Можаце праверыць, але вам цацку не вернуць. Таму што гэта разбуральны кантроль. Цацку трэба разразаць на кавалачкі, замачваць іх і г.д. Каштуе гэта каля ста тысяч. Вынікі будуць тыдні праз тры-чатыры”.

Што тычыцца лялек, тут інфармацыя супярэчлівая. Аляксандр Духвалаў сцвярджае, што восем найменняў гандлёвай маркі “Polly Pocket” з небяспечнымі магнітамі ў Беларусь не паступалі. Аднак у спісе адкліканых цацак не толькі “Polly Pocket” (глядзіце спіс ніжэй).

Аляксандр Духвалаў:
“Ёсць верагоднасць, што дзіця можа “выкалупаць” магніцік з мацавання і, напрыклад, з’есці. “Mattel” цяпер будзе закрываць пластыкавай пласцінай гэтыя магніты. Лялькі “Polly Pocket” у Беларусь не паступалі, мы атрымалі пра гэта афіцыйны ліст. Іх маглі сюды завезці хіба што прыватнікі, якія набылі іх недзе на распродажы, ці людзі, якія таксама былі за мяжой і там набылі дзіцяці ляльку”.

Кіраўнік секцыі тавараў народнага спажывання “БелГІМ” Ірына Захаранка паведаміла Еўрарадыё, што ў нашу краіну завезлі лялькі з магнітамі. Магчыма, лялек “Polly Pocket” сярод іх сапраўды не было, але не толькі яны маюць магніты.

Ірына Захаранка: “З завезеных у Беларусь цацак толькі адзін артыкул трапляе пад гэта, але не па свінцу, а па наяўнасці магнітных трымальнікаў. Да нас паступілі 24 такія лялькі”.
Супрацоўнік таго ж аддзела “БелГІМ” Ірына Анішчанка кажа, што беларускія патрабаванні да цацак менш жорсткія, чым амерыканскія, і таму “магніты не небяспечныя”.

Ірына Анішчанка: “Да магніцікаў у нас ніякіх патрабаванняў няма, калі магніцікі і выпадаюць, то нічога страшнага – яны проста неякасна замацаваныя. Магніты не нясуць небяспекі! Адзіная праблема, якая была, што яны выпадалі. Тыя патрабаванні, якія ў ЗША распаўсюджваюцца на гэтыя цацкі, – больш жорсткія. Яны лічаць, што дзіця ў любым узросце можа нешта праглынуць і задушыцца гэтым. У нашым выпадку такіх патрабаванняў няма, бо гэта лялькі для дзяцей, старэйшых за тры гады, таму і выпрабоўваюцца яны з улікам адэкватных паводзінаў дзіцяці”.

Мы публікуем спіс цацак, якія “Mattel” адклікае, з іх выявамі.

1. Машынкі "Сержант" 21/2” die cast toy cars (каля 253 тысяч штук) (з-за павышанай канцэнтрацыі свінца ў фарбе)


2. Лялькі Barbie and Tanner™ play sets (каля 683 тысяч штук) (з-за магнітаў)


3. Doggie Day Care™ play sets (каля 1 мільёна штук) (з-за магнітаў)



4. Лялькі “Polly Pocket(каля 5 мільёнаў штук) (з-за магнітаў)
(спіс глядзець тут)

5. Batman™ and One Piece™ Magnetic Action Figure Sets (каля 345 тысяч штук) (з-за магнітаў)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі