У Лунінецкім раёне прапалі дзве 17-гадовыя дзяўчыны

У Лунінецкім раёне прапалі дзве 17-гадовыя дзяўчыны

Лунінецкая міліцыя шукае дзвюх навучэнак мясцовага каледжа, зніклых без вестак. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміў афіцыйны прадстаўнік УУС Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Дучэнка.

Дзве 17-гадовыя дзяўчыны навучаюцца на трэцім курсе Лунінецкага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Пра іх знікненне ў міліцыю паведамілі бацькі. Адна з сябровак пайшла з дому ўдзень 14 студзеня, другая — на наступны дзень каля шостай гадзіны раніцы. Іх месцазнаходжанне дагэтуль невядомае.

Пры сабе дзяўчаты мелі мабільнікі, але цяпер тэхніка адключаная. Раней адна з іх ужо сыходзіла з дома.

Паводле інфармацыі міліцыі, 16 студзеня дзяўчаты былі ў Мінску. "Як мяркуецца, яны могуць накіроўвацца ў бок Масквы. Таму мы рыхтуем арыенціроўкі для нашых расійскіх калег", — дадаў Дучэнка.

Грамадзян, якія маюць якую-небудзь інфармацыю пра дзяўчат, просяць неадкладна паведаміць у міліцыю на нумар 102.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі