Вы тут

У Літве прапаноўваюць спосабы, як адкрыць мяжу з Беларуссю

Мяжа Беларусі і Літвы / udf.by

Літва магла б адкрыць мяжу для беларусаў пры пэўных умовах. Пра гэта кіраўнік Цэнтра інфекцыйных захворванняў і СНІДу Саўлюс Чаплінскас расказаў у інтэрв'ю ru.delfi.lt.

Апошнім часам у Літве фіксуецца па 5-6 новых выпадкаў захворвання на каранавірус за два тыдні. Краіны Балтыі адкрылі межы паміж сабой. Між тым у Беларусі вось ужо тры тыдні рэгіструюць па 900 і больш выпадкаў COVID-19. 

На думку Чаплінскаса, тут могуць дапамагчы сучасныя тэхналогіі. "Напрыклад, калі гаварыць пра Беларусь — усё адно там ёсць важныя эканамічныя і чалавечыя сувязі. Чаму б не ўвесці пашпарт або сертыфікат COVID-19? Хочаш праехаць — праверся і пакажы. Яшчэ адно пытанне — я думаю, што хутка надыдзе такі час, калі можна мець на мяжы спецыяльнае абсталяванне, з дапамогай якога на працягу 30 хвілін, проста на месцы, можна зрабіць тэст. Так, гэта каштуе грошай, але, можа, сам чалавек быў бы зацікаўлены заплаціць", — кажа спецыяліст.

Па яго ацэнках, у Літве, калі пастарацца, такое абсталяванне можа з'явіцца на працягу двух месяцаў. Але ў першую чаргу такім абсталяваннем хочуць забяспечыць ЗША, адзначае Чаплінскас. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.