Вы тут

У Літве арыштавалі рахункі санаторыя "Беларусь" — гэта вынік санкцый ЕС

Санаторый "Беларусь" у Друскінінкаі

У літоўскім Swedbank заблакаваныя рахункі санаторыя "Беларусь" (Sanatorija "Belorus", VšĮ), размешчанага ў Друскеніках. Пра гэта піша reform.by са спасылкай на літоўскія СМІ.

Арышт быў накладзены 18 снежня, кажа галоўны лекар санаторыя Ілля Епіфанаў. Кіраўніку санаторыя растлумачылі ў банку, што арышт звязаны з санкцыямі ЕС супраць прадстаўнікоў Беларусі.

Епіфанаў кажа, што спецыяльна паглядзеў старонку з пералікам кампаніяў, якія трапляюць пад санкцыі Еўрасаюза: "Пра санаторый у Друскінінкаі няма ні слова. Тым не менш, мы не можам выкарыстоўваць грошы кампаніі, хоць для абсалютнай большасці яе супрацоўнікаў гэта адзіная крыніца даходу".

У банку журналістам сказалі, што кліент быў праінфармаваны аб блакаванні і яе наступствах.

Літоўскі санаторый уваходзіць структуру Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі. Кіраўніцтва справамі прэзідэнта — адна з сямі юрыдычных асоб, якія згадваюцца ў трэцім пакеце еўрасаюзаўскіх санкцыяў. Трэці пакет санкцыяў пачаў дзейнічаць з 17 снежня 2020 года.

У санаторыі ў Друскеніках працуюць 393 чалавекі. Ён рэгулярна ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых падаткаплатнікаў муніцыпалітэта Друскенікі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.