У ліпені беларускія метэаролагі зафіксавалі зімні ціск

Амаль два тыдні беларусам балелі галовы, таму што мы перажылі моцны паўднёвы цыклон. Як распавёў начальнік службы гідраметэапрагнозаў Дзмітры Рабаў, у гісторыі беларускіх метэаралагічных назіранняў пастаўлены новы рэкорд:

“Такіх паўднёвых цыклонаў у нас яшчэ не было. У ім быў зафіксаваны самы нізкі ціск за ўвесь перыяд метэаралагічных назіранняў: 716 мм рт.сл. А норма для ліпеня – 739”.

Атмасферны ціск, пры якім чалавек адчувае сабе камфортна, складае 750 мм ртутнага слупка. Зразумела, што такі нізкі атмасферны ціск адлюстраваўся на фізічным стане людзей.

Каб лепш разабрацца ва ўплывах нізкага атмасфернага ціску на арганізм, Еўрарадыё звярнулася да лекара Наталлі Патрасавай:

“Нядаўні цыклон стаў прычынай паніжэння атмасфернага ціску да рэкордна нізкіх лічбаў. Такое падзенне атмасфернага ціску бывае толькі зімою. Зніжэнне яго на 20-30 мм ртутнага слупка ніжэй за норму плюс магнітныя буры павялічваюць рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў у людзей з гіпертаніяй і гіпатаніяй. Таксама адмоўна адбіваюцца на сістэме крывезвароту, сасудзістым тонусе і артэрыяльным ціску”.

У гэтыя дні мноства людзей звярнулася па медычную дапамогу ў больніцы. У каго ўжо быў павышаны ціск, звярталіся з гіпертанічным крызам, у каго была схільнасць да гіпатаніі – у паўпрытомным стане, з галавакружэннем, млявасцю. Такую ж інфармацыю Еўрарадыё падцвердзілі і ў медычным цэнтры “Ладэ”:

“Вельмі шмат пацыентаў прыходзілі са скаргамі на высокі ціск. Асабліва шмат маладых людзей”.

Зразумела, што пазбегнуць нізкага атмасфернага ціску немагчыма. Але, як распавяла Наталля Патрасава, існуе шэраг парад, якія дапамогуць лягчэй перажыць неспрыяльны перыяд:

“Апранацца згодна з надвор’ем. Не кутацца і не мёрзнуць. Каб не было пераахалоджанняў і перагрэваў. Займацца загартаваннем. Лячыць хранічныя захворванні, каб у гэтыя перыяды не было абвастрэнняў. У восеньска-зімовы перыяд імкнуцца максімальна выкарыстоўваць светлавы дзень. І наадварот, берагчыся ад празмерна яркага сонечнага святла летам. Больш бываць на свежым паветры. Высыпацца і пазбягаць фізічных нагрузак”.

Не паспелі беларусы адысці ад аднаго цыклона, як у хуткім часе павінен прыйсці другі. Распавядае Дзмітры Рабаў:

“З поўначы Італіі на нашу тэрыторыю насоўваецца чарговы паўднёвы цыклон, які будзе вызначаць надвор’е ў бліжэйшыя двое сутак. Па большай частцы краіны пройдуць дажджы, навальніцы, месцамі вялікія залевы, і пры навальніцах – шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15-20 метраў за секунду. Ноччу тэмпература паветра будзе 9-15 цяпла, а ўдзень усяго толькі 18-24 градусы. Выключэннем з’яўляецца толькі паўднёвы ўсход нашай краіны – там 25-30 градусаў”.

Па прагнозах метэаролагаў, гэты цыклон сыйдзе ў сераду, і мы апынемся ў полі паніжанага ціску, дажджы амаль цалкам перастануць, і тэмпература паветра ўзрасце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі