У Лідзе пасля 7 сутак арышту на волю выйшаў фельчар-праўдаруб

У Лідзе пасля 7 сутак арышту на волю выйшаў фельчар-праўдаруб

У Лідзе пасля 7 сутак арышту на волю выйшаў фельчар-праўдаруб Павел Палейчык, які працуе на "хуткай". Ён заявіў, што адправіць яго "на суткі" загадаў начальнік мясцовай міліцыі. Як паведамляе Радыё Свабода, за краты Палейчык трапіў упершыню. Ён прызнаецца, што спачатку "разгубіўся крыху".

Як паведамляла Еўрарадыё, фельчара абвінавацілі ва ўдзеле ў "несанкцыянаваным мерапрыемстве" — сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які прыязджаў у Ліду. Падчас стрыму Павел Палейчык расказаў пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца мясцовыя медыкі падчас эпідэміі каранавіруса. 7 траўня яго пасля працоўнай змены выклікалі ў міліцыю і затрымалі, суд адбыўся на наступны дзень.

"Я спадзяваўся, што штраф заплачу, і ўсё, — кажа svaboda.org Павел. — Калі абвясцілі, што 7 сутак арышту, разгубіўся. Я першы раз у такой сітуацыі, упершыню ў жыцці... Мяне трэсла. Першыя тры дні ўвогуле цяжка было".

У Лідзе пасля сустрэчы з Ціханоўскім (сам ён знаходзіцца пад адміністрацыйным арыштам у Гомелі) за кратамі апынуліся 5 чалавек. Палейчык расказвае, што "палітычных" трымалі асобна.

"Спачатку я з адным чалавекам сядзеў, потым чатыры дні адзін быў у камеры, — працягвае сваю гісторыю фельчар. — У апошні дзень мяне перавялі ў іншую камеру, дзе быў асуджаны таксама. У камерах ужо ведалі, што мы "палітзняволеныя“... Я зусім не ведаю, што адбывалася гэтыя сем дзён. Там поўная ізаляцыя, на вуліцу не выйсці нават".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі