У крамах канфіскату прадаюць “Кайф”, вадзілу і “аднарукіх бандытаў”

А яшчэ, як высветліла Еўрарадыё, у Беларусі канфіскуюць дзяржаўныя сцягі, дыскі IQ48 і дырыжорскія палачкі. У Беларусі існуе цэлая сетка крамаў, у якіх, здаецца, можна набыць абсалютна ўсё: ад прэзерватыва да скуры кенгуру. У інтэрнэце нават існуе адмысловы сайт, дзе ў сапраўды вялікай колькасці прадстаўлены ўсе канфіскаваныя ў нашай краіне тавары. Можна падабраць сабе і аўтамабіль (як новы, так і былы ў карыстанні), парфумерыю, кнігі, музычныя і відэа дыскі, музычныя інструменты і нават прэзерватывы “Кайф” у амаль неабмежаванай колькасці.

“Пачынаючы ад харчовых прадуктаў, і заканчваючы вопраткай, абуткам, будаўнічымі матэрыяламі, шпалерамі, — усё, што толькі можна сабе ўявіць, — распавялі Еўрарадыё ў краме “Ваш выбар”.І тут ужо кожны выбірае сабе тое, што патрэбна. Цяжка сказаць, што карыстаецца найбольшай папулярнасцю. А калі што з’явіцца – таксама цяжка сказаць. Бо канфіскат гэта не прадукцыя з заводу, якую можна замовіць і атрымаць. Як недзе нешта ў кагосьці канфіскуюць так і мы і рэалізуем”.

Здараецца, што канфіскуюць нават такія рэчы, пра прызначэнне якіх не ведаюць самі прадаўцы, або іх назвы здзіўляюць непадрыхтаваных пакупнікоў. Так, у мінскай краме “Аўташанс” мы адшукалі… вадзілу. Хто гэта альбо што, запыталіся ў прадаўца.

“Гэта такая трактарная дэталь. Так што можаце прыехаць і паглядзець, як выглядае трактарная вадзіла!”, — вясёлым голасам адказалі нам у краме.

Акрамя вадзілы, Еўрарадыё яшчэ знайшло каля дзвюх соцень розных перахаднікоў, злучэнняў да дэталяў ад розных механізмаў. Менавіта гэта група тавараў карыстаецца найменшым попытам сярод беларусаў. Таму і можа ляжаць на палічках крамаў гадамі:

Мінская крама “Аўтабыт”: “Ёсць даволі шмат такіх рэчаў, якія не прадаюцца гадамі. Ляжыць, напрыклад, корпус незразумела ад чаго. Ці нейкія там пластыкавыя злучэнні”.

А вось у гомельскай краме “Сувенір” Еўрарадыё знайшло ў пераліку тавараў гульнявыя аўтаматы. Вядомыя па ўсім свеце “аднарукія бандыты” чамусьці наогул не прывабліваць пакупнікоў. Таму і кошты на іх з часам паніжаюцца:

Крама “Сувенір”: “Самае незвычайнае, што мы зараз маем гэта некалькі гульнявых аўтаматаў. Першапачаткова мы прадавалі іх за два мільёны. Зараз крыху танней ужо. Аднак яшчэ ніводнага не прадалі”.

Тавары, што не прадаюцца гадамі, або папросту зламаныя — не спісваюць. Яны працягваюць займаць месца на вітрыне. Праўда, з часам на із папросту паніжаюць кошт:

Мінская крама “Ваш выбар”: “Такіх тавараў вельмі шмат. Калі прыйдзеце ў краму, то пабачыце, што вельмі шмат “чырвоных” цэннікаў. На некаторых пазначана, што і ў 2008 годзе атрымалі на рэалізацыю, і нават 2006 год”.

Сярод канфіскаваных тавараў Еўрарадыё адшукала нават беларускі дзяржаўны сцяг памерам метр на два. Цікава, хто і ў каго яго канфіскаваў?!

Крама “Тэхніка века”:
“У нас ён ляжыць ужо вельмі даўно. Нават прайшоў некалькі пераацэнак. Папросту нікому непатрэбны такі вялікі сцяг, — прызналіся ў краме “Тэхніка века”. — Былі маленькія іх з цягам часу разабралі”.

Дарэчы, у гэтай жа краме можна набыць і дыскі некаторых беларускіх музыкаў. Як, напрыклад, альбомы гуртоў “Новы Іерусалім” і IQ48:

Крама “Тэхніка века”: “У нас жа ўсе тавары – гэта канфіскат. А дзе, калі і пры якіх умовах іх канфіскавалі нам не распавядаюць. Мытныя органы і падатковая інспекцыя папросту перадаюць іх нам на рэалізацыю. Я вось здзіўлена, што вельмі мала людзей ведае пра існаванне такіх крамаў, як нашая. У нас і фірмовая вопратка бывае: зараз мы атрымалі партыю ад “Mustang”. І музычных інструментаў у нас вельмі шмат бывае: і трамбоны, і кантрабасы, і флейты”.

Трапляюцца і зусім экзатычныя рэчы. Як, напрыклад, 16 квадратных метраў скуры… кенгуру! Аднак гарантыі ані на аўстралійскую скуру, ані на прэзерватывы ці музыку IQ48 у канфіскатах ніхто не дае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі