Вы тут

У Клецку мужчына двойчы за дзень скраў адзін і той жа аўтамабіль

Той самы легкавік / kleck.by

У Клецку мужчына двойчы за дзень скраў адзін і той жа аўтамабіль. Цяпер яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі. Пра гэтую крымінальную, а ў нечым і кур'ёзную гісторыю распавядае мясцовая газета "Да новых перамог".

У суботу ўладальнік машыны "Аўдзі-80" пакінуў яе каля пад'езда шматкватэрнага дома незачыненай, у салоне засталіся ключы запальвання. 35-гадовы сусед выйшаў з дома папаліць і пабачыў незачынены аўтамабіль, а пасля і ключы. Мужчына быў нецвярозы, і вырашыў "пакатацца", нягледзячы на тое, што машына чужая, а ён не мае вадзіцельскіх правоў. Ён выехаў за горад, а пасля вярнуўся, паставіў "Аўдзі-80" на месца.

Праз нейкі час той жа сусед зноў выйшаў з пад'езда і пабачыў, што аўтамабіль па-ранейшаму незачынены. На гэты раз ён таксама выехаў з горада і паехаў у бок бліжэйшай вёскі, але машыну занесла і яна апынулася ў кювеце. Паколькі кола было пашкоджана, мужчына пакінуў легкавік і сышоў.

Толькі пасля другога ўгону гаспадар заўважыў адсутнасць машыны і звярнуўся ў міліцыю. Асобу ўгоншчыка ўдалося хутка высветліць, дзякуючы мясцовай жыхарцы, якая бачыла, хто "катаўся" на "Аўдзі-80".

Клецкая міліцыя абураецца "абыякавасцю гаспадара да захаванасці свайго транспартнага сродку, якая спрыяла здзяйсненню злачынства".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.