У Кітаі забаранілі канцэрты рок-гурта Oasis

Кітайскія ўлады адмянілі запланаваныя на пачатак красавіка ў Пекіне і Шанхаі канцэрты папулярнай брытанскай рок-каманды Oasis. Як лічаць арганізатары канцэртаў, прычынай адмены ўжо ўзгодненых мерапрыемстваў стаў выяўлены кітайскімі ўладамі факт удзелу аднаго з чальцоў групы, Ноэля Галахера, у выступе "Вольны Тыбет" у ЗША у 1997 годзе.

На гэтай падставе, як лічаць арганізатары, урад краіны "палічыў, што гурт не падыходзіць для выступу перад сваімі прыхільнікамі ў Кітаі".

"Oasis надзвычай засмучаныя тым, што ім не далі магчымасці ажыццявіць запланаванае турнэ па кантынентальным Кітаі, і спадзяюцца на тое, што ўлады КНР перагледзяць гэтае рашэнне і дазволяць гурту выступіць", - гаворыцца ў распаўсюджанай заяве рок-гурта.

Распараджэнне аб адмене канцэртаў не распаўсюджваецца на запланаваны на 7 красавіка выступ гурта ў Ганконгу, паведамляе ІТАР-ТАСС.

Нагадаем, у лістападзе мінулага года ў Кітаі забаранілі новы альбом гурта Guns N' Roses, які мае назву "Chinese Democracy" (Кітайская дэмакратыя). Улады назвалі пласцінку "зласлівым нападам" на іх краіну.

Пасля таго, як на канцэрце ў Шанхаі ў сакавіку 2008 г. ісландская спявачка Б'ёрк скандавала "Тыбет, Тыбет", прадстаўнікі кітайскага ўрада заявілі, што замежным выканаўцам, якія прысутнічаюць на мерапрыемствах, што падрываюць "нацыянальны суверэнітэт", будзе забаронены ўезд у Кітай.

Цвёрдай цэнзуры ў Кітаі ў свой час падвергнуўся гурт Rolling Stones. Улады Кітая загадзя забаранілі гурту падчас канцэртаў у Шанхаі і Пекіне выконваць чатыры вядомыя хіты: Brown Sugar, Honky Tonk Woman, Beast of Burden і Let"s Spend the Night Together.

Фота: www.mtv.ua



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі