У Кіеве больш няма плошчы Герояў Брэста і вуліцы Карла Маркса

Плошча Герояў Брэста. Ужо былая / wikimapia.org
Плошча Герояў Брэста. Ужо былая / wikimapia.org

У Кіеве перайменавалі плошчу Герояў Брэста, назва якой адсылала да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер яна будзе называцца Чарнабаеўскай у гонар пасёлка пад Херсонам з аэрадромам, які сістэматычна абстрэльвалі расійскія вайскоўцы, пачынаючы з лютага 2022 года. Пра гэта 27 кастрычніка на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко.

Усяго ва ўкраінскай сталіцы перайменавана больш за 40 вуліц, завулкаў і плошчаў, назвы якіх нагадваюць аб савецкім мінулым.

У ліку асоб, пра якіх кіяўляне хочуць хутчэй забыцца, аказаліся філосаф і эканаміст Карл Маркс і дзекабрыст Аляксандр Бястужаў. Затое цяпер на мапе горада з'явіцца вуліца нямецкага пісьменніка і філосафа Іагана Вольфганга Гётэ і завулак, які атрымаў імя музыкі і тэлевядучага Кузьмы Скрабіна. Паважаны ўкраінцамі артыст трапіў у аўтакатастрофу і загінуў у лютым 2015 года.

Мінчане таксама час ад часу выступаюць з прапановамі аб перайменаванні тых ці іншых "савецкіх" вуліц. У 2019 годзе актывісты напісалі петыцыю і нагадалі гарадскім уладам, што раней вуліца Кастрычніцкая называлася Ляхоўскай і папрасілі вярнуць ёй гістарычную назву.

"Кастрычніцкія" вуліцы можна знайсці ў любым постсавецкім горадзе. Лічым, што такія назвы забіваюць ідэнтычнасць гарадоў і іх далейшы патэнцыял: турыстычны і, як вынік, эканамічны”, — адзначалася ў петыцыі.

У мінгарвыканкаме да гэтай прапановы прадказальна не прыслухаліся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі