Вы тут

У КДБ распавялі, як вылічылі падпальшчыка машыны міліцэйскага начальніка

Супрацоўнікам КДБ дапамаглі камеры відэаназірання / pixabay.com

У КДБ распавялі, як у Гомелі вылічылі падпальшчыка машыны міліцэйскага начальніка. Як паведамляе БЕЛТА, па камерах відэаназірання яны адсачылі шлях мужчыны ад месцаў правядзення акцый да свайго дома. А гэта 18 кіламетраў. Канспіратар перасоўваўся на ровары і стараўся лішні раз "не свяціцца". Аднак у выніку "засвяціў" свой шматкватэрны дом. Далей яго знайсці было нецяжка.

Пра затрыманне мужчыны 22 снежня распавёў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, ён не толькі падпаліў машыну першага намесніка начальніка ўпраўлення дэпартамента выканання пакаранняў па Гомельскай вобласці, але і прабіў колы ў больш за трох дзясяткаў тралейбусаў ("з мэтай спынення руху грамадскага транспарту"). Крымінальную справу распачалі за здзяйсненне "акту тэрарызму" (спачатку гэта былі "хуліганства" і "наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне чужой маёмасці", але пазней справы аб'ядналі і перакваліфікавалі).

Затрыманы — грамадзянін Расіі, які мае від на жыхарства ў нашай краіне. КДБ назваў яго імя і прозвішча — Андрэй Паднябесны. Яму 33 гады. Згаданыя акцыі ён правёў у ноч на 1 лістапада, выконваў меры канспірацыі. Спачатку правёў акцыю ў тралейбусным парку, а пасля ў іншым месцы падпаліў аўтамабіль міліцэйскага начальніка. Пасля 5-й гадзіны раніцы мужчына пешшу вярнуўся дахаты. А праз дзве гадзіны ў адным з тг-чатаў напісаў: "Пішуць, што могуць быць перабоі з тралейбусамі".

Расіяніна супрацоўнікі КДБ затрымалі 5 лістапада "пры спробе выезду ў Хойнікі". Адзначаецца, што ён удзельнікаў у "несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.