У кандыдатаў у прэзідэнты з'явіліся праблемы з публікацыяй праграм

Шэраг апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты сутыкнуліся з праблемамі пры публікацыі сваіх перадвыбарных праграм у дзяржаўных СМІ. Як паведамляе БелаПАН, у выбарчы штаб Віталя Рымашэўскага 29 лістапада затэлефанавалі прадстаўнікі рэспубліканскіх выданняў. Газеты не згаджаюцца друкаваць выбарчую праграму Рымашэўскага з-за таго, што ён заклікае беларусаў адстойваць свой выбар на плошчы 19 снежня, у дзень выбараў. Па словах Паўла Севярынца, кіраўніка штаба, ім прапанавалі падаць іншы тэкст праграмы, без закліку людзей на плошчу. Аднак гэта немагчыма зрабіць чыста юрыдычна — тэрмін падачы праграм у СМІ скончыўся 28 лістапада.

Да перадвыбарнай праграмы Рыгора Кастусёва таксама ўзніклі прэтэнзіі. Спачатку ў праграме ўжываліся словы "лукашызм" і "лукашэнкаўскі рэжым". У рэдакцыях газет палічылі, што гэтыя словы абражаюць годнасць службовай асобы, таму каманда Кастусёва замяніла іх на "аднаасобны" і "аўтарытарны" рэжымы.

Дзмітрый Ус кажа, што дзяржаўным СМІ не спадабалася тая частка яго праграмы, дзе параўноўвалася цяперашняя выбарчая сістэма Беларусі з выбарчай сістэмай гітлераўскай Нямеччыны.

Не сутыкаліся з праблемамі пры публікацыі сваіх праграмаў Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч, Віктар Цярэшчанка, Алесь Міхалевіч і Яраслаў Раманчук.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі