Вы тут

У Кацярыны Пытлевай выявілі рак грудзей

Кацярына Пытлева / facebook.com/katerina.pytleva

У журналісткі  Кацярыны Пытлевай выявілі рак грудзей. Пра гэта яна сама напісала ў Фэйсбуку.

"Я радая, што я тут, а не ў Беларусі, улічваючы, якія цяпер у краіне чысткі ў сістэме аховы здароўя. Так што ўсё выявілася ў вельмі правільным месцы і ў правільны час, калі ў мяне ўжо з'явілася страхоўка.. А гэта ўжо нямала. У мяне другая стадыя, на шчасце метастазаў не знайшлі, і пухліна не агрэсіўная, так што шанцы добрыя", — піша Пытлева.

Дзяўчына піша, што ў яе сям'і пяць выпадкаў раку грудзей па матчынай лініі. "Напярэдадні рэвалюцыі я праходзіла кансультацыі і абследаванні, каб прэвентыўна выдаліць абедзве грудзі (двайная прэвентыўная мастэктамія, як у Анджаліны Джалі), але не паспела... Прыйшлося з'язджаць", — тлумачыць яна.

Кацярына Пытлева — тэле- і радыёвядоўца. Улетку 2020-га яна раскрытыкавала дзеянні сілавікоў, якія разганялі чаргу ў краму Symbal.by. Пасля гэтага яе адхілілі ад эфіраў, а потым звольнілі. Увосень 2020-га Пытлева з сям'ёй была вымушаная выехаць у Літву. Там яна стала праграмным дырэктарам і вядоўцай Youtube-праекта "Маланка медыя".

У Беларусі на яе пачалі крымінальную справу, сілавікі двойчы ўзломвалі яе кватэру ў адсутнасць гаспадароў.

Дарэчы, нядаўна яшчэ адна былая тэлевядоўца Кацярына Ваданосава таксама прызналася, што ў яе выявілі рак. Яна таксама знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.