У інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці на маркетолага паступіў 1 чалавек

“Зачыняцца не будзем, усіх давучым, каго набралі”, — каротка адказваюць у прыватным Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва, дзе сёлета недабор. На спецыяльнасць “паліталогія”, напрыклад, замест запланаваных 95 чалавек падаюцца толькі 13.

На “бізнэс-адміністраванне” ідуць вучыцца толькі 8 чалавек замест 95 запланаваных. Каштуе навучанне каля 1,3 тысячы долараў на год. Вывучыцца на палітолага ў БДУ выйдзе даражэй — амаль 2 тысячы долараў.

У Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці набралі ў 1,5 разы менш першакурснікаў, чым летась.

“Прагназавалі праблемы з-за спаду нараджальнасці. Але мы не чакалі, што столькі людзей не здадуць тэставанне. Але мы яшчэ існуем за кошт студэнтаў, якія ўжо вучацца даўно, будзе цяжка, пару гадоў перацярпець, а там нараджальнасць пойдзе расці. Аб закрыцці гаворкі не ідзе”, — расказваюць ва ўніверсітэце.

На трох спецыяльнасцях сярод залічаных толькі па адным першакурнсіку, хаця планавалі набраць 20. Агулам па факультэце прынялі 10 чалавек — нейкае рэпетытарства атрымоўваецца. Але ў дэканаце ўпэўніваюць, што многія адновяцца, першакурснікаў аб’яднаюць у паток, а спецыялізацыя — індывідуальна.

“На што разлічвалі, тое мы і набралі. Мы ж таксама аналізавалі сітуацыю. Тым больш, нашы спецыяльнасці не так часта сустракаюцца ў краіне”, — тлумачаць у Інстытуце сучасных ведаў.

На “лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый” тут набралі 44 чалавекі, замест 75 па плане. На “культуралогію” толькі 6 замест 30.

Міжнародны недзяржаўны інстытут "МІТСО" набірае 83% ад запланаваных першакурснікаў.

“Практычна на ўсіх спецыяльнасцях апроч “лагістыкі” не было конкурсу на дзённае аддзяленне. "Міжнароднае права" вельмі папулярнае ў гэтым годзе. Мы звярталіся да кіраўніцтва, каб пераразмеркаваць месцы. Бо вялікі паток людзей мог туды не паступіць”, — расказваюць у прыёмнай камісіі.

І сапраўды, на 90 месцаў для міжнароднікаў прэтэндавалі 190 чалавек. Меў універсітэт і бясплатныя месцы з прахадным балам 316. На такой жа спецыяльнасці ў БДУ на бюджет — 364.

Фота: muiv.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі