У Гродне ў рамках праграмы “Невядомая Еўропа” працуе турыстычны інфацэнтр

Мяркуецца, што колькасць замежных турыстаў на Аўгустоўскім канале сёлета вырасце больш чым у два разы У рамках праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Невядомая Еўропа” ў Гродне адкрыўся турыстычны інфацэнтр. Усяго ж на гэты праект наша краіна атрымае каля 440 тысяч еўра. Рэалізацыяй праграмы займаюцца тры арганізацыі — 2 беларускія і 1 польская, кажуць у інфацэнтры.

Супрацоўнік інфармацэнтра:
“Партнёрамі праекта з’яўляюцца агенства агратурызму з Сувалак, гродзенскае аддзяленне рэспубліканскага турыстычна-спартыўнага саюза ды ўпраўленне фізічнай культуры, спорта і турызма Гродзенскага аблвыканкама”.

Праект дзейнічае ўжо з мінулай восені, а скончыцца ён павінен у наступным годзе. Яго заданне — стварыць усе неабходныя ўмовы для развіцця турызму на польска-беларускім памежжы, паведамілі нам ў інфацэнтры:

“Галоўная мэта — развіццё турыстычнай інфраструктуры Аўгустоўскага канала і басейна ракі Нёман. Маецца на ўвазе як з боку Сувалак (польскі партнёр праекта — ЕРБ), так і з боку Гродна”.

Для гэтага, безумоўна, патрэбныя менеджэры турызму, дасведчаныя ўладальнікі аграсядзібаў, інструктары паходаў ды іншыя спецыялісты. Рыхтаваць іх будуць таксама за грошы Еўрасаюза. Зараз ужо адбываюцца стажыроўкі 36 чалавек па напрамках актыўны турызм, агратурызм ды маркетынг. Столькі ж спецыялістаў у дадзенай галіне падрыхтуюць і ў наступным годзе. Для навучання нават збудуюць спецыяльную базу,
распавяла Еўрарадыё адміністратар праекта Данута Палубенская.

Данута Палубенская: “У рамках праекта стварэнне інфацэнтра, школы, а дакладней базы для навучання асобаў, якія займаюцца актыўным турызмам, стварэнне двух офісаў: адзін на беларускім боку, другі на польскім”.

Моладзь таксама можа разлічваць на еўрапейскую дапамогу ў рамках праграмы “Невядомая Еўропа”. Першая група гродзенскіх студэнтаў, будучая спецыяльнасць якіх звязана з турызмам, паедзе на стажыроўку ў Польшчу ўжо ў пачатку жніўня.

Супрацоўнік інфармацэнтра:
“У дадзены момант рыхтуецца група з 254 студэнтаў гродзенскіх ВНУ, якая выедзе 3 жніўня і будзе ў Польшчы да 16 жніўня. Яны будуць навучацца працы менавіта ў турыстычнай сферы”.

Моладзь наведае польскія аграсядзібы, гатэлі ды іншыя турыстычныя месцы. У наступным годзе чарговыя 24 чалавекі атрымаюць магчымасць падобнай стажыроўкі. Праўда возьмуць туды толькі найлепшых. Сёлета на адно месца ў праграме прэтэндавала 8 ахвотнікаў. А стажораў адбіралі па выніках спецыяльнага анкетавання.



Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі