У Гродне вуліцу Паўліка Марозава перайменавалі ў Каліноўскага (фота)

У Гродне вуліца Паўліка Марозава з адным-адзіным домам стала вуліцай Каліноўскага. З 4 лютага ў горадзе перайменавалі яшчэ дзве вуліцы і прыдумалі дзевяць новых.

Такія новаўвядзенні абласны цэнтр атрымаў дзякуючы рашэнню Гродзенскага гарсавета дэпутатаў №44 ад 29 снежня 2014 года. Вуліцу Паўліка Марозава далучыць да больш буйной вырашылі яшчэ на грамадскіх абмеркаваннях восенню 2014 года, бо тут застаўся толькі адзін дом. Яго жыхары кажуць, што заўсёды адносілі сябе да вуліцы Каліноўскага — на будынку ўжо даўно няма таблічкі з імем савецкага піянера, які здаў уладам свайго бацьку. Мінакі таксама не ў курсе, што кожны дзень праходзяць па вуліцы Паўліка Марозава — дамы ў прыватным сектары перапляліся з гарадскімі джунглямі шмат гадоў таму.

Невялікая 2-я Працоўная вуліца ў самым цэнтры Гродна таксама далучылася да большай — вуліцы Вялікая Траецкая. Тут засталіся ўсяго два дамы, ды і ў тых ужо даўно ніхто не жыве. Каб тут не пасяліліся бамжы, будынкі забілі дошкамі, а ранейшыя гаспадары выставілі іх на продаж.

Працэс перайменавання закрануў і самыя ўскраіны Гродна. Па звароце жыхароў вуліцу Агрэставую, якая знаходзіцца ў мікрараёне катэджнай забудовы Баранавічы-5, 6, перайменавалі ў вуліцу Івана Мележа.

Таксама дзевяць новых вуліц з'явілася ў раёне новабудоўляў Забалаць-2. У аснову былі ўзятыя імёны і прозвішчы вядомых беларусаў, якія ў летась былі вынесены на грамадскія абмеркаванні на пасяджэнні гарадской тапанімічнай камісіі. У выніку на задворках горада ўвекавечылі памяць такіх беларускіх літаратараў, як Аркадзь Куляшоў, Кандрат Крапіва, Янка Маўр і Максім Танк. Таксама тут з'явіліся вуліцы з імёнамі вядомых гродзенцаў Аляксея Карпюка, Апанаса Цыхуна, Аляксандра Кубасава і Ларысы Ляшэнка.

Усяго ў Гродна налічваецца каля 750 вуліц. На некаторых да гэтага часу не існуе ніякіх адрасоў ці знаходзіцца па адным або некалькі дамоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі