У Гродне камунальнікі зачынілі незалежную галерэю "Крыга"

У Гродне камунальнікі зачынілі незалежную галерэю "Крыга"

У Гродне камунальнікі сумесна з міліцыяй зачынілі незалежную галерэю "Крыга". Павел Мажэйка — адзін з заснавальнікаў "Цэнтра гарадскога жыцця", побач з якім месціцца галерэя, распавёў, што фармальнай прычынай разрыву дамовы была няўзгодненая перапланіроўка:

"Прыйшлі гарадскія ўлады ў выглядзе камунальнікаў са ЖРЭА Ленінскага раёна і сказалі, што з сённяшняга моманту разрываюць дамову з Юрасём Мацко, індывідуальным прадпрымальнікам, які з'яўляецца ўласнікам галерэі "Крыга". Фармальная прычына — перапланіроўка. Маецца на ўвазе акно, якое Юрась гадоў пяць таму замураваў, каб павялічыць выставачную прастору. Але ўсе гэтыя гады ніякіх заўваг з боку арэндадаўцаў і камунальных службаў не было і з ім працягвалі штогод заключаць дагавор. Вясной гэтага года дамова арэнды з ім была падоўжаная".

Уладальнік галерэі "Крыга" Юрась Мацко паведаміў Еўрарадыё наступнае: "Я не атрымліваў ніякіх папярэджанняў. Хоць яны і кажуць, што дасылалі. Вярнуць памяшканне ў ранейшую планіроўку таксама ніхто не патрабаваў".

Пры гэтым нядаўна ўлады сарвалі выступ расійскага прафесара-анархіста Пятра Рабава ў галерэі "Крыга", лекцыя якога павінна была прайсці 9 кастрычніка. Ці з'явілася гэта прычынай закрыцця галерэі — невядома.

У галерэі “Крыга” праходзілі выставы, сустрэчы з цікавымі людзьмі, розныя лекцыі і майстар-класы. У абноўленым выглядзе яна пачала працаваць у лістападзе 2016 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі