У Глыбокім дырэктар рынка знёс краму, якую сам дазволіў пабудаваць

Яшчэ ў 2008 годзе Мікалай Шнітко запатрабаваў ад гандляроў перанесці свае кропкі ўглыб рынка. А пасля ўсё ж дазволіў адной прадпрымальніцы, Людміле Барэйка, паставіць павільён на ўваходзе. Як распавядае жанчына, дырэктар запэўніў, што на будаўніцтва крамы ёсць праектна-каштарысная дакументацыя. Але калі павільён быў амаль узведзены — яго знеслі паводле загаду дырэктара. Высветлілася, што прадпрымальніца павінна была ўзгадніць будаўніцтва з аддзелам архітэктуры Глыбоцкага райвыканкама.

Я спрабавала адстаяць свае правы і звярталася ў Генеральную пракуратуру, РАУС, віцебскую пракуратуру, землеўпарадкавальную службу, Камітэт па дзяржмаёмасці, іншыя інстанцыі, нават у Адміністрацыю прэзідэнта, усе мае звароты перанакіроўваліся ў глыбоцкую пракуратуру, — расказвае Людміла Барэйка.Аднак мне давалі фармальныя адпіскі, што ён нічога не парушыў”.

Дырэктар называе пабудову самавольнай і лічыць прэтэнзіі Людмілы Барэйка беспадстаўнымі:

“Гэта не я парушыў, было рашэнне райвыканкама і суда. Тое, што яна рабіла і пра што было дамоўлена, — зусім розныя рэчы. Усталяваць часовы гандлёвы павільён там можна, яго можна і цяпер там усталяваць, а не будаваць капітальны будынак, тым больш яна з блокаў пачала будаваць хлеў нейкі…”, —  расказвае Еўрарадыё Мікалай Шнітко.

Цікава, што ў рашэнні суда, якое ёсць на руках у Людмілы, сказана, што ў тым месцы нельга ставіць ніякіх збудаванняў — ні пастаянных, ні часовых.

Праваабаронца з Беларускага Хельсінкскага камітэта Ганна Мартыноўская лічыць, што прадпрымальніцу падставілі: кіраўніцтва рынка павінна было ведаць, што на тым месцы будаваць нельга. Акрамя таго, два месяцы яны назіралі за тым, як узводзіцца павільён, але не папярэдзілі жанчыну, каментуе праваабаронца:

“Я думаю, яе проста падставілі, каб пакараць такім чынам, як яны яе пакаралі: спачатку далі магчымасць пабудаваць, яна напісала заяву, заява была падпісаная, і чалавек пабудаваў сабе ларок”.

Зараз Людміла звярнулася ў Следчы камітэт і Палату прадстаўнікоў з просьбай правесці дадатковае расследаванне яе справы і пакараць вінаватых.

Спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі