Вы тут

У галоўнага доктара паліклінікі завода "Нафтан" пацвердзілі каранавірус

Сяргей Чубрык — у масцы​ / Вестник Нафтана

Галоўны доктар паліклінікі наваполацкага завода "Нафтан" Сяргей Чубрык атрымаў станоўчы вынік тэсту на каранавірус, паведаміла 8 красавіка наваполацкая газета "Вестник Нафтана". Кантакты першага ўзроўню, уключаючы старшыню Наваполацкага гарвыканкама і сенатара Дзмітрыя Дзямідава, — на самаізаляцыі.

"Паколькі вялікая нагрузка ў гэты няпросты час кладзецца на медыкаў, якія стаяць на перадавой і абараняюць здароўе і жыццё людзей, часта яны самі трапляюць у зону рызыкі. Пасля першага папярэдняга тэста, праведзенага медыкамі, галоўны доктар заводскай паліклінікі Сяргей Чубрык мае станоўчы вынік на каранавірус", — піша выданне.

Да праяўлення сімптомаў захворвання Чубрык наведваў мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў Наваполацкай выканаўчай улады. Яшчэ ў сакавіку на базе паліклінікі завода "Нафтан" стварылі штаб каардынацыі дзеянняў для папярэджання распаўсюджвання інфекцый.

"Чубрык ездзіў у Віцебск, там і заразіўся. Пасля ўдзельнічаў у нарадах, на якіх быў як мэр Наваполацка, чыноўнікі, так і журналісты. Цяпер галоўны доктар знаходзіцца на лячэнні ў бальніцы. 37 чалавек — кантакты першага ўзроўню", — расказала Еўрарадыё крыніца ў паліклініцы "Нафтана".

Старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў на сваёй старонцы ў "Інстаграме" пацвердзіў, што ён кантакт першага ўзроўню.

"Гэта значыць, я знаходзіўся ў адным памяшканні з інфікаваным чалавекам. Мною здадзены тэст, які паказаў адмоўны вынік. Цяпер я знаходжуся на самаізаляцыі, працягваючы працаваць дыстанцыйна. Выконваю рэкамендацыі дактароў і прабуду пад наглядам неабходны час", — напісаў Дзямідаў.

У інстаграм-акаўнце Дзмітрыя Дзямідава / instagram.com

Ён лічыць, што сітуацыя ў Наваполацку знаходзіцца пад кантролем. Рэкамендуе гараджанам не бываць у шматлюдных месцах, выконваць меры прафілактыкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.