Вы тут

У "Фауне горада" памёр пёс, якім апекавалася французская абаронца жывёл

Фота грамадзянскай ініцыятывы "Мы з табой у адным доме"

На сталічным прадпрыемстве "Фауна горада" памёр пёс, якім апекавалася вядомая французская абаронца жывёл Брыжыт Алуа. Зоаабаронца нядаўна наведвала Беларусь і некалькі разоў завітала ў пункт часовага ўтрымання жывёл у Мінску. Яна заклікала ператварыць "Фауну горада" ў месца, дзе жывёл стэрылізуюць, вакцынуюць і вяртаюць у звыклае асяроддзе, або знаходзяць ім дом.

На сёння "Фауна горада" трымае адлоўленых жывёл цягам пяці дзён, пасля чаго іх усыпляюць. Брыжыт Алуа вырашыла падаць беларусам станоўчы прыклад і абрала дваіх сабак, якімі вырашыла апекавацца. Жывёлам ужо знайшлі дом і рыхтавалі да перадачы новым гаспадарам, але спачатку мусілі іх стэрылізаваць.

Адзін з сабак, немалады кабель Віктар прайшоў кастрацыю, але пасля нескладанай аперацыі яго знайшлі ў клетцы мёртвым. Беларускія зоаабаронцы, з якімі паразмаўляў TUT.by, распавядаюць, што ў "Фауне горада" складаныя ўмовы для жывёлаў: улетку яны пакутуюць ад спёкі. Да таго ж памёрлы пёс быў узроставы і з ім не правялі перадаперацыйных даследаванняў.

Дырэктар "Фауны" Тамара Царыкоўская сказала, што будзе зробленае ўскрыцце, але мяркуе, што пёс Віктар мог памерці праз праблемы з сэрцам.

Брыжыт Алуа ўжо ў курсе таго што адбылося і "пачуваецца падаўленай". Яна мяркуе, што ветэрынары "Фауны" павінны прайсці навучанне ў прыватнай клініцы з добрай рэпутацыяй.