У ЕС Аляксандру Лукашэнку хочуць зрабіць "вельмі балюча"

У ЕС Аляксандру Лукашэнку хочуць зрабіць "вельмі балюча"

"Лукашэнку было б вельмі балюча, калі б мы нацэліліся на экспарт калію". Такую заяву зрабіў 27 чэрвеня міністр замежных спраў Люксембурга Жан Асельборн перад пасяджэннем у Лісабоне. Там сабраліся міністры замежных спраў краін ЕС. Яны абмяркуюць эканамічныя сектаральныя санкцыі, якія будуць уведзеныя супраць уладаў Беларусі ў якасці чацвёртага пакета.

Як вядома, Беларусь з'яўляецца адным з найбуйнейшых сусветных экспарцёраў калійнай сыравіны.

Міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас заявіў, што "невялікіх санкцыйных крокаў" не будзе. "Мы імкнемся значна паўплываць на эканамічную структуру і фінансавыя аперацыі ў Беларусі з дапамогай санкцый", — заявіў ён.

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс кажа, што варта гаварыць пра "сектар нафтапрадуктаў". Паводле яго слоў, эканамічныя санкцыі ЕС "павінны быць нацэлены на тыя сектары, якія найбольш прыносяць карысці кіраўніцтву краіны".

Абмяркоўваецца і транзіт прыроднага газу з Расіі праз Беларусь.

Кіраўнік Еўрасавета Шарль Мішэль на прэс-канферэнцыі ў Бруселі заявіў, што рэалізацыя санкцый супраць уладаў Беларусі ўжо пачалася. "Пакуль рана адказваць на пытанне пра канкрэтны сектар, — кажа ён. — У любым выпадку, для кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў важна, каб санкцыі былі накіраваны супраць рэжыму. Насельніцтва і грамадзянскую супольнасць мы, насупраць, хочам падтрымаць".

У 2020 годзе ЕС увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі — у адказ на фальсіфікацыю вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, масавае парушэнне правоў чалавека, затрыманне дзясяткаў тысяч удзельнікаў мірных акцый пратэсту. Сітуацыя з пасадкай у Беларусі пасажырскага самалёта Ryaniar толькі прыспешыла прыняццё новых санкцый, больш жорсткіх.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі