У дзіцячай стаматалогіі санітарак замяшчаюць студэнты
![Мінскі дзіцячы клінічны цэнтр стаматалогіі](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2024-07/snimok_ekrana_2024-07-20_v_09.27.49_1.png.webp?itok=brFdPcR_)
Мінскі дзіцячы клінічны цэнтр стаматалогіі / Минск-Новости
У Мінскім гарадскім дзіцячым клінічным цэнтры па стаматалогіі недахоп медсясцёр і санітарак закрылі за кошт так званага "студэнцкага атрада". Яго ўпершыню сфарміравалі на стаматалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, піша агенцтва "Мінск-Навіны".
У складзе “атрада” задзейнічаны 7 чалавек. Яны выконваюць функцыі малодшага медыцынскага персаналу. Ва ўніверсітэце запэўніваюць, што заяўкі ад жадаючых папрацаваць летам сабралі за адзін дзень.
Студэнты, пішуць прапагандысты, задзейнічаныя ўсюды, пачынаючы ад працы ў рэгістратуры і заканчваючы хірургічным кабінетам. Яны праводзяць дэзінфекцыю паверхняў, працуюць з медыцынскімі адходамі і са сродкамі індывідуальнай абароны. Але, запэўнівае кіраўніцтва клінікі, не замяняюць лекараў.
“Навыкі спатрэбяцца рабятам, калі тыя будуць дактарамі. Захаванне санэпідрэжыму — найважнейшы момант, які мінімізуе рызыкі інфіцыравання, захворванняў і дазваляе паспяхова завяршыць лячэбны працэс”, — кажа галоўная медыцынская сястра Алена Малчанава.
Аднак, мяркуючы па банку вакансій у гэтай медыцынскай установе на 20 ліпеня 2024 года адкрытыя 8 вакансій медсясцёр і санітарак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.