У даклад ICAO аб пасадцы самалёта Ryanair уключылі паказанні сведкі

У даклад ICAO аб пасадцы самалёта Ryanair уключылі паказанні сведкі

У Манрэалі адбылося абмеркаванне справаздачы ICAO па прымусовай пасадцы борта Ryanair у Мінску. 

Са студзеня дакумент быў істотна пашыраны. У прыватнасці, у яго дадалі паказанні сведкі, які 23 траўня 2021 года быў у дыспечарскай вежы мінскага аэрапорта і прымаў непасрэдны ўдзел у падзеях. Пра гэта распавёў Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай.

Пакуль што справаздача не апублікаваная, але зрабіць гэта ICAO плануе ў бліжэйшыя дні. Па словах Вячоркі, арганізацыя не хацела публікаваць дакумент, але супраць гэтага выступілі шэраг краін — у прыватнасці, Польшча, Літва, Латвія, Іспанія ды ЗША.

Вячорка сцвярджае, што ў дакладзе даказаная віна рэжыму Лукашэнкі ў прымусовай пасадцы самалёта ў Мінску з мэтай затрымаць журналіста-дысідэнта Рамана Пратасевіча. Справаздача будзе асновай для звароту ў міжнародны суд па справе аб паветраным тэрарызме.

Прымусовая пасадка самалёта кампаніі Ryanair у Беларусі адбылася 23 траўня 2021 года. Самалёт ляцеў з Афін у Вільню. Беларускія ўлады заявілі, быццам атрымалі паведамленне пра бомбу на борце самалёта. Пасля пасадкі самалёта ў Мінску былі затрыманыя два пасажыры — журналіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка Сафія Сапега. Сапегу ўжо асудзілі на шэсць гадоў калоніі, абвінаваціўшы ў адміністраванні тэлеграм-канала "Чорная кніга Беларусі". Суд над Пратасевічам дагэтуль не адбыўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі