Вы тут

У цэнтры Мінска прайшла акцыя ў памяць Плошчы-2010 і салідарнасці з палітвязнямі

Акцыя каля Чырвонага касцёла / svaboda.org

Увечары 19 снежня каля Чырвонага касцёла ў цэнтры Мінска адбылася нешматлікая акцыя ў памяць пра Плошчу-2010. 

Анархіст Зміцер Паліенка са сваімі паплечнікамі паставілі свечкі каля касцёла. У акцыі таксама ўзялі ўдзел экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч і актывісты з аргкамітэта партыі "Народная Грамада", перадае Радыё "Свабода".

У акцыі прынялі ўдзел каля 20 актывістаў. Міліцыянты ў цывільным сачылі за падзеямі, але не ўмешваліся.

Статкевіч выказаў надзею, што Плошча-2020 будзе пераможнай. На яго думку, маскоўскія ўлады хочуць памяняць кіраўніка Беларусі на больш лаяльную Крамлю фігуру. Беларусы, лічыць Статкевіч, мусяць самі змяніць Лукашэнку, каб ён не здаў незалежнасць краіны. 

Зміцер Паліенка з Настай Гусевай ды іншымі актывістамі паклалі да скульптуры Святога Юрыя каля Чырвонага касцёла партрэты праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага, актывіста Святаслава Барановіча, Іллі Валавіка ды Вадзіма Бойкі, асуджаных па "справе антыфашыстаў", і анархіста Мікіты Емельянава, якіх актывісты лічаць палітвязнямі.

Па словах Паліенкі, Емельянава вінавацяць у тым, што ён запляміў чырвонай фарбай будынак Мінскага гарадскога суда на знак пратэсту. "Яго трымаюць на Валадарцы ўжо некалькі месяцаў. Цяпер ён кінуты ў карцар і абвясціў галадоўку", — распавёў Паліенка.

Акцыя доўжылася каля 20 хвілінаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.