Вы тут

У Брэсце зноў пратэстуюць супраць акумулятарнага завода, ёсць затрыманыя

Тэлеграм-канал "Беларусь галаўнога мозгу"

У Брэсце зноў пратэстуюць супраць акумулятарнага завода. Сёння апоўдні людзі сабраліся на плошчы Леніна дзеля традыцыйнага “кармлення галубоў”, а праз паўгадзіны флэшмоб перарос у мітынг. Паводле Тэлеграм-канала "Беларусь галаўнога мозгу", колькасць удзельнікаў ацэньвалася ў сотні чалавек. Гэта была найбуйнейшая акцыя з часоў "дармаедскіх пратэстаў".

Людзі спачатку пабылі на плошчы, а потым прайшліся шэсцем. Міліцыянты ў цывільным спрабавалі затрымаць удзельнікаў, але іх адбывалі ў "ціхароў".

Яшчэ да пачатку акцыі міліцыя затрымала блогера Аляксандра Кабанава, затым Алеся Абляка і яшчэ дваіх чалавек.

Перад выходнымі затрымалі і накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання аднаго з лідараў ініцыятыўнай групы Дзям’яна Лепясевіча і Кацярыну Басаргіну. Яны будуць знаходзіцца ў ізалятары да суда, які мусіць адбыцца 15 красавіка.

Таксама сёння выклікалі позвамі ў міліцыю актывістак Ірыну Сіліцкую і Таццяну Фесікаву, паведамляе Брестская газета.

Пратэсты супраць будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода праходзяць ужо болей за год. Мясцовыя жыхары перакананыя, што з’яўленне такога прадпрыемства пагоршыць экалагічную абстаноўку ў горадзе і яго ваколіцах.