У Брэсце валанцёры раздавалі мігрантам з Чачні цёплыя рэчы (фота)

У Брэсце валанцёры раздавалі мігрантам з Чачні цёплыя рэчы (фота)

З ліпеня ў Брэсце знаходзяцца некалькі сотняў сямей з Чачні. Яны амаль штодня спрабуюць трапіць электрычкай “Брэст-Тэрэспаль” у Польшчу, дзе хочуць атрымаць статус бежанца. Для большасці чачэнцаў паездкі гэтыя заканчваюцца вяртаннем у горад над Бугам. Па інфармацыі Еўрарадыё, на пачатак верасня ўцекачоў з Чачні, якія знаходзяцца ў Брэсце, было не менш за 2500 чалавек.

Праваабаронцы ініцыятывы Human Constanta аб’явілі збор цёплых рэчаў для бежанцаў. 

“Халадае, і шмат людзей, якія начуюць на вакзале, не маюць цёплых рэчаў. Мы абвясцілі збор рэчаў у Мінску. Таксама непасрэдна ў Брэсце мы заклікаем прыносіць цёплыя рэчы ў офіс арганізацыі “Дзедзіч”. Прымаць будзем з 15.00 да 18.00. Рэчы патрэбныя як дзіцячыя, так і дарослыя. Таксама патрэбныя лекі ад прастудных захворванняў, бо шмат хто ў такіх умовах хварэе”, — распавядае Еўрарадыё праваабаронца Наста Лойка.

Легкавік з прычэпам, цалкам гружаны гуманітарнай вопраткай 23 верасня прыехаў з Мінска ў Брэст. Валанцёры спадзяваліся на дапамогу з памяшканнем ад мясцовага філіяла Чырвонага крыжу, але ім адмовілі. Прыйшлося раздаваць вопратку сярод уцекачоў наўпрост каля чыгуначнага вакзалу. Менавіта тут начуюць тыя, у каго ўжо няма сродкаў, каб зняць кватэру.

Валанцёрская акцыя сабрала каля сотні ўцекачоў. Праз хвілін 20 ад пачатку прыехалі супрацоўнікі міліцыі, аднак проста назіралі за мерапрыемствам.

Тым не менш без канфліктаў не абышлося. На акцыі прысутнічала вялікая колькасць журналістаў, што вельмі не спадабалася мігрантам. Некаторыя ў досыць грубай форме забаранялі рабіць здымкі і здымаць відэа. Да бойкі не дайшло, але што-небудзь каментаваць журналістам чачэнцы адмовіліся.

Па словах праваабаронцаў, акцыя — доўгатэрміновая, пакуль уцекачы будуць знаходзіцца ў Брэсце, ім будуць збіраць рэчы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі