У Брэсце праходзіць VIII міжнародны байк-фэст

На базе аздараўленчага цэнтра "Арляня" ў Жабінкаўскім раёне адкрыўся міжнародны байк-фэст "Брэст — 2008". Яго ладзіць Брэсцкае гарадское грамадскае аб'яднанне "Мотаклуб "Залатое крыло". Як паведамляе БелаПАН, байк-фэст сабраў каля 3 тыс. матацыклістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Малдовы, Польшчы, Нямеччыны і ЗША. Сярэдні век удзельнікаў фэсту 30—35 гадоў, самыя папулярныя матацыклы — "Хонда", "Ямаха", "Харлей-Дэвідсан", "Сузукі".

У праграме фэсту — парад матацыклаў па вуліцах горада, наведванне мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой", ускладанне кветак да Вечнага агня і хвіліна маўчання ў памяць загінулых абаронцаў Айчыны.

У аздараўленчым цэнтры "Арляня" адбудуцца разнастайныя мотаконкурсы, паказальныя выступы, ацэнка цюнінгу матацыклаў, канцэрты беларускіх рок-гуртоў. Пройдзе таксама дабрачынны аўкцыён, а сабраныя ад яго сродкі традыцыйна будуць перададзеныя аднаму з дзіцячых дамоў рэгіёна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі