У Брэсце памерла дзяўчына, якую абліў бензінам і падпаліў сужыцель

У Брэсце памерла дзяўчына, якую абліў бензінам і падпаліў сужыцель

У Брэсце ў рэанімацыі абласной бальніцы памерла 20-гадовая жыхарка Кобрынскага раёна, якую сужыцель абліў бензінам і падпаліў. Медыкі змагаліся за яе жыццё амаль тры тыдні, інфармуе БелаПАН.

Нагадаем, уначы 5 лістапада ў аграгарадку Дзівін Кобрынскага раёна 23-гадовы мужчына ў прыватным доме па месцы жыхарства абліў бензінам сваю сужыцельку, пасля чаго падпаліў. Яму не спадабалася, што падчас распівання ім з сябрамі спіртных напояў сужыцелька пайшла спаць. Пасля яе адмовы далучыцца да іх ён лінуў бензін на дзяўчыну, якая ляжала на ложку, і кінуў запалку. Адзенне, якое загарэлася на дзяўчыне, патушылі сябры маладога чалавека. Пацярпелую з тэрмічнымі апёкамі твару, рук і тулава шпіталізавалі.

У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу па артыкуле "замах на забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю". Ён знаходзіцца пад вартай. Яму ўжо выстаўленае абвінавачанне. Дарэчы, з-за смерці пацярпелай крымінальную справу могуць перакваліфікаваць.

У пары ёсць трохгадовая дачка. У момант учынення злачынства дзяўчынка знаходзілася ў маці пацярпелай, якая займалася выхаваннем унучкі. Сужыцелі нідзе не працавалі, паводле слоў суседзяў, злоўжывалі спіртнымі напоямі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі