У Брэсце асудзілі дзяўчат, якія прапанавалі міліцыянтам марозіва

У Брэсце асудзілі дзяўчат, якія прапанавалі міліцыянтам марозіва

У Брэсце пад суд трапілі дзве сястры, якія хацелі пачаставаць міліцыянтаў марозівам. Як піша "Брестская газета", гісторыя здарылася 10 жніўня. 

Сёстры Лізавета і Кацярына вярталіся ўвечары з крамы з цэлай сумкай марозіва для сям'і. Яны пабачылі каля аўтобуса міліцыянтаў, якім было горачан на спёцы, і вырашылі іх пачаставаць. А тыя пасадзілі іх у свой аўтобус.

У дзяўчат забралі рэчы, але дазволілі кожнай з'есці па адной порцыі марозіва. Пасля таго, як у аўтобус пасадзілі яшчэ пяць мужчын, затрыманых перасадзілі ў міліцэйскую "Газель" і павезлі ў Дом правасуддзя. У камеры Дома правасуддзя трое дзяўчат правялі амаль суткі. Камера мела памеры два на тры метры. У ёй был толькі адна лавачка. 

Адна з супрацоўніц Дома правасуддзя дазволіла 22-гадовай Лізавеце адправіць бацькам эсэмэску з паведамленнем пра затрыманне. 

Наступным вечарам сёстраў разам з іншымі затрыманмі запхнулі ў аўтазак. Па словах Лізаветы, іх не білі, але абыходзіліся вельмі жорстка. 

"У аўтазаку мне стала па-сапраўднаму страшна. У мяне была паніка. Мы кудысьці едзем, куды — не ведаем. Што адбываецца, не разумеем. Я заўсёды думала, што ўнутры аўтазака дзве лавачкі, а там-малюсенькія камеры з кратамі. Мы ўтрох сядзелі на вузкай, кароткай лаве ў малюсенькай камеры. Было вельмі горача, і не было чым дыхаць", — згадвае дзяўчына.

Затрыманых прывезлі ў СІЗА каля гатэля "Інтурыст". У двары было каля паўсотні хлопцаў, якія стаялі на каленях, трымаючы рукі за галавой. Ахоўнікі на ўсіх крычалі: "Бегам ідзем! Рукі за спіну! Прама не глядзім! Вочы ўніз!"

У пяцімеснай камеры сядзелі агулам 16 дзяўчат. Ім далі некалькі матрацаў, каб заслаць на падлогу. 

"Мае вочы пашыраліся кожны раз, як я чула чарговую гісторыю. Ніводная дзяўчына не была затрыманая сапраўды за нейкія супрацьпраўныя дзеянні. Хтосьці ішоў дадому, хтосьці ехаў на машыне, хтосьці сядзеў з мужам на лавачцы, хтосьці ішоў у офіс аператара з нагоды інтэрнэту спытаць. Усіх па нейкіх недарэчных прычынах забралі. Калі да нас зайшоў ахоўнік, першае, што я спытала: "А нас тут біць будуць?" На што ён адказаў: "Мы што, садысты?" Я гэта спытала таму, што многія сядзелі ў камеры дзяўчынкі былі моцна збітыя. У кагосьці сінякі на жываце або спіне, у кагосьці — на нагах. У кагосьці разбіта дубінай губа і падбародак. Адну дзяўчыну, як яна патлумачыла, пераблыталі з хлопцам і "раздалі" ёй як мужчыну: у яе былі гематомы на галаве, твары, нагах. Я бачыла гэта на свае вочы, і хай не кажуць, што ўсе гэтыя сінякі намаляваныя, што гэта грым або фотошоп!" — абураецца Лізавета.

У СІЗА дзяўчат трымалі да 13 жніўня. Дапыталі іх толькі праз 67 гадзін пасля затрымання. Дзяўчатам далі падпісаць пратакол і папярэджанне, што ім пагражае крымінальны артыкул, калі яны паўторна трапяцца на масавых мерапрыемствах. Такія паперы, па словах брастаўчанкі. давалі падпісваць усім. 

Дзяўчат выпусцілі 13 жніўня, даўшы ім позвы ў суд з адкрытай датай. Пра тое, што суд прызначаны на 14 жніўня, яны даведаліся ад знаёмага праваабаронцы: ён пабачыў іх прозвішчы ў спісе судовых спраў, прызначаных на гэты дзень.

"І мой, і Кацін суддзі вельмі здзівіліся, убачыўшы нас: адкуль мы наогул ведаем, што сёння суд. Добрае пытанне, так?" — кажа Лізавета. 

Суддзя А. Семянчук прызначыў Лізе папярэджанне. А вось Яе сястра Кацярына была аштрафаваная суддзёй А. Вінаградавай на 135 рублёў (5 базавых велічыняў).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі