У Браславе адмянілі яшчэ адзін фэст з 60-гадовай гісторыяй

Адмянілі фэст у Браславе з 60-гадовай гісторыяй

Адмянілі фэст у Браславе з 60-гадовай гісторыяй / braslav.vitebsk-region.gov.by

Стала вядома пра яшчэ адзін міжнародны фэст, адменены сёлета ў Беларусі. Браслаўскі райвыканкам скасаваў сваё рашэнне "Аб арганізацыі і правядзенні Міжнароднага свята традыцыйнай культуры "Браслаўскія зарніцы". Фэст мусіў прайсці 22-24 траўня.

Рашэнне было ўхваленае яшчэ 11 сакавіка, але на Наыянальным прававым партале яно з'явілася толькі 16 красавіка, звярнула ўвагу Радыё Свабода. На сайце Браслаўскага райвыканкама дагэтуль застаецца абвестка з запрашэннем прадстаўнікоў іншых краін да ўдзелу ў фэсце. Заяўкі на ўдзел прымалі да 1 сакавіка.

"Браслаўскія зарніцы" вядуць сваю гісторыю з 1967 года. У 2009-м фестываль набыў статус міжнароднага. Традыцыйна ў ім удзельнічалі танцоры, музыкі, выканаўцы песень з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Эстоніі. Ад 2012 года ў рамках фэсту адбывалася свята сярэднявечнай культуры "Меч Брачыслава". Планавалася, што сёлета праграму "Браслаўскіх зарніцаў" адкрые тысячны зводны хор.

Раней паведамлялася пра адмену іншых фестываляў у розных рэгіёнах Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.