У бліжэйшыя дні метэазалежным людзям раяць устрымацца ад перагрузак

У бліжэйшыя дні метэазалежным людзям раяць устрымацца ад перагрузак

Медыкі рэкамендуюць метэазалежным людзям у бліжэйшыя дні ўстрымацца ад дальніх паездак і празмерных нагрузак: перапады атмасфернага ціску могуць выклікаць у іх праблемы са здароўем. Пра гэта БЕЛТА паведамляе са спасылкай на намесніка дырэктара па лячэбнай працы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Кардыялогія” Аляксандра Булгака.

Паводле прагнозаў сіноптыкаў, у бліжэйшыя дні ў Беларусі будзе пераважаць паніжаны ўзровень атмасфернага ціску. Цяпер гэта 739 міліметраў ртутнага слупка, а для нашай краіны сярэднегадавая норма складае 741 міліметр. Цягам бліжэйшых паўсутак ціск будзе даволі інтэнсіўна падаць, а потым узрасце, але ўсё адно застанецца ніжэй за норму.

Такія ўмовы надвор’я ўплываюць на людзей, якія маюць розныя хранічныя захворванні, у прыватнасці сардэчна-сасудзістыя. Перапады атмасфернага ціску могуць пагоршыць іх стан, таму гэтым людзям трэба з большай увагай паставіцца да свайго здароўя. Ім рэкамендуюць не адпраўляцца ў дальнія паездкі, не перагружаць сябе, а калі падарожжа нельга адмяніць, то пры сабе трэба мець лекі.

Таксама варта мераць артэрыяльны ціск незалежна ад свайго самаадчування, а пры ўзнікненні болю ў вобласці сэрца, галаўнога болю ці іншых спецыфічных сімптомаў трэба звярнуцца па дапамогу медыкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі