У Белтэлерадыёкампаніі разглядаюць забарону “Малінаўкі”

У Белтэлерадыёкампаніі разглядаюць забарону “Малінаўкі”

Эдуард Ханок пачаў выконваць абяцанне афіцыйна забараніць выкананне хітоў “Завіруха”, “Счастливый случай”, “Я у бабушки живу”, “Малиновки заслыша голосок”, “Вы шуміце бярозы”, да якіх ён напісаў музыку.

“Ліст ад народнага артыста Беларусі, кампазітара Эдуарда Ханка паступіў на адрас Белтэлерадыёкампаніі 27 красавіка. Цяпер ён знаходзіцца на разглядзе ў кіраўніцтва”, ― сказала прэс-сакратар кампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская. Пры гэтым, што такое “на разглядзе” і на колькі верагодная фактычная забарона хітоў, якія ўжо даўно сталі народнымі, Святлана не патлумачыла: “Гэта ўсё што я магу пракаментаваць на гэты момант”.

Нагадаем, днямі з’явіўся ліст-папярэджанне, які Эдуард Ханок адправіў Ядвізе Паплаўскай, дзе кампазітар паведамляе, што з 26 красавіка выкананне вышэйзгаданых песень будзе “незаконным” і падлягаць “вырашэнню ў судовым парадку”. У лісце Ханка, які змясціла ў Facebook дачка Паплаўскай Анастасія Ціхановіч, таксама паведамляецца, што “рыхтуецца іск аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі”. Яго мэта — “стварыць прэцэдэнт для спробы аздараўлення адносін паміж аўтарамі і выканаўцамі”.

Пра тое, што Ханок забараніў спевакам Ядвізе Паплаўскай і Анатолю Ярмоленку выкарыстоўваць музыку сваіх самых папулярных песень, стала вядома напярэдадні. Ён адправіў лісты міністрам культуры і інфармацыі ды паведаміў пра намер падаць у суд на Паплаўскую і Ярмоленку. Кампазітар лічыць, што былі парушаныя яго аўтарскія правы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі