У беларускіх ЗАГСах чакаецца сапраўдны перапалох

Вялікая колькасць маладых верыць, што шлюб, зарэгістраваны 7.07.2007, будзе шчаслівым і паспяховым. Тое ж самае адбываецца і ў нашых суседзяў.
7 ліпеня ўлады Латвіі нават вырашылі працягнуць працу мясцовых ЗАГСаў. У Мінскім Палацы шлюбу ўжо даўно гэты дзень цалкам “забіты”. А як ідуць справы ў іншых ЗАГСах Мінску? Кажа загадчыца аддзелу ЗАГСа Першамайскага раёну Станіслава Макарэвіч:

“На гэтую суботу ўвесь час ужо распісаны. Не ведаю, чаму яна карыстаецца такім вялікім попытам, пастаянна тэлефануюць”.

Каб разабрацца з такім сапраўдным ажыятажам, Еўрарадыё вырашыла звярнуцца да астролага. На пытанне, чаму маладыя рынуліся афармляць свае адносіны менавіта ў гэты дзень, адказвае астролаг Ігар Кірушын:

“7.07.07 з пункту гледжання нумералогіі мы атрымліваем лічбу Сатурна. 7 – гэта лічба Сатурна. У гэтым лічбавым кодзе вылучана моц Сатурна. А Сатурн, што тычыцца шлюбаў, дае стабільнасць, вернасць і абавязак.

Вось менавіта па гэтай прычыне гэтая дата і выдзяляецца. Калі шлюб будзе афармляцца па каханні – гэта дата для яго вельмі шчаслівая”.


Калі ў вас таксама з’явілася жаданне аформіць свае адносіны ў гэты дзень, ёсць яшчэ магчымасць зрабіць гэта ў ЗАГСе Парытзанскага раёну. Там на сённяшні дзень вольныя месцы яшчэ засталіся, але, на жаль, час не самы лепшы – гэта раніца і вечар.

Пра тое, якія яшчэ дні карыстаюцца папулярнасцю, распавядае загадчыца ЗАГСа Партызанскага раёну Валянціна Бяляева:

“28 красавіка. Гэта, па-першае, канец паста і гэта перад маем, у нас ніхто маяцца не хоча. Пост заканчваецца Вялікднем восьмага, потым ідзе седміца, яна цягнецца цэлы тыдзень і ў гэты час не раяць афармляць шлюбы”.

А якія дні яшчэ з’яўляюцца спрыяльнымі да шлюбавання? У гэтым пытанні нам дапамагае разабрацца Ігар Кірушын:

“Кожны дзень тыдня нясе ў сабе пэўную інфармацыю і належыць пэўнай планеце. Самыя лепшыя дні для рэгістравання шлюбу – гэта панядзелак, серада, чацвер і пятніца. Самы неспрыяльны — гэта адзін дзень, аўторак. Сярэднія – субота, нядзеля.

Як правіла, у асноўным большасць шлюбаў рэгіструецца ў суботу, а, насамрэч лепш за ўсё заключаць яго ў пятніцу. Потым, трэба ўлічваць месяцовыя дні. Самыя спрыяльныя – гэта 2, 3, 5, 7, 10, 11 і 13. Месяцовыя дні пачынаючы з 26-га і да маладзіка з’яўляюцца “цёмнымі” і павінны быць выключаны”.


Астролагі раяць звяртацца да іх перад гэтым адказным днём, каб разам падабраць святочную дату. Дарэчы, у Індыі нават сёння практычна ўсе шлюбы афармляюцца толькі пасля астралагічнай кансультацыі. Па словах Ігара Кірушына, вялікую ролю адыгрывае і дата, на якую прыпадае вяселле:

“2, 4, 5 і 6 – вось гэтыя даты спрыяльныя, калі не атрымліваецца трапіць на іх, трэба зрабіць, каб сума лічбаў у даце раўнялася гэтым лічбам.

Напрыклад: 11, 13, 22, 23, 24. Месяц не мае розніцы, але трэба ўлічыць тое, што яны не павінны трапляць на аўторак і на “цёмны” тыдзень, якая пачынаецца з 26-га дня.

Неспрыяльныя даты – 3, 12, 21. Гэтыя дні павінны быць выключаны. Яны аслабляюць шлюб. А навошта, калі ведаеш, гэтыя мінусы дабаўляць сабе ў жыццё?”


Але не трэба расстройвацца, калі ваш шлюб усё ж такі трапіў на неспрыяльны дзень. Ёсць прыклады шчаслівых шлюбаў. Напрыклад, гумарыст Яўген Крыжаноўскі зарэгістраваў свае адносіны ў аўторак і, па яго словах, вельмі шчаслівы ў шлюбе:

“Мой апошні, пяты шлюб быў сюрпрызам. Якраз быў аўторак. Трапіла гэта на выходны, калі ЗАГС не працуе, але я дамовіўся, і мне ЗАГС адкрылі.

Справа ў тым, што мая нявеста здавала ў гэты дзень іспыт, да таго ж у яе быў дзень народзінаў. Пасля заканчэння іспыту я запрасіў яе ў рэстаран, калі яна прыйшла, я ёй кажу: "Давай сходзім у ЗАГС, там нашыя сябры распісваюцца".

А там ужо хавалася і чакала нас цэлая кампанія. А вось калі мы зайшлі і загадчыца пачала называць нашыя імёны, мая нявеста ледзь з глузду ад шчасця не з’ехала. З аднаго боку, я не веру ва ўсялякія забабоны, з другога – веру.

Але ж мы ўжо настолькі моцна праверылі свае пачуцці, дзевяць гадоў мы жылі да шлюбу, зараз ужо тры гады ў шлюбе — і ўсё вельмі добра”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі