У беларускі адбор на “Еўрабачанне” прынялі 87 заявак

Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, якая арганізуе беларускі конкурс.



Прэс-служба: “Больш за 85 [заявак. — Еўрарадыё]. Сёння раніцай абазначылі лічбу — 87. Але сказалі, што лічба яшчэ не канчатковая. Можа быць больш”.

Відавочна, нашы артысты не губляюць інтарэсу да “Еўрабачання”. Летась да праслухоўвання дапусцілі 83 выканаўцы. Сёлета атрымалася нават крыху больш. З сур’ёзных канкурсантаў 29 лістапада выступяць Макс Лорэнц, Nuteki, Наталля Тамела, Іван Буслай.



Што праўда, да адбору могуць даехаць не ўсе. Па інфармацыі Еўрарадыё, некаторых артыстаў пра тое, што 28 лістапада іх чакаюць на сцэне, папярэджвалі напярэдадні ўвечары.



Праслухоўванне прэтэндэнтаў на ўдзел у “Еўрабачанні 2014” адбываецца 28-29 лістапада. Па выніках журы адразу назаве імёны 15 выканаўцаў, якія выйдуць у фінал і працягнуць змаганне за паездку ў Капенгаген. У Белтэлерадыёкампаніі падкрэсліваюць, што журы складзена з рознабаковых людзей. Як заўжды, сярод суддзяў — народныя артысты Васіль Раінчык і Аляксандр Ціхановіч. З новых людзей — прадстаўніца Беларусі на “Еўрабачанні 2013” Алёна Ланская.



Фінал нацыянальнага адбору пройдзе ў студзені. Гэта будзе тэлевізійны канцэрт, пасля якога пераможцу абяруць па суме галасоў журы і гледачоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі