Вы тут

У Беларусі зменяць міграцыйныя законы, каб прадухіліць "уцечку мазгоў"

Раман Галоўчанка / БЕЛТА​

У Беларусі ідзе змена міграцыйнага заканадаўства, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў Палаце прадстаўнікоў, куды прыехаў, каб расказаць дэпутатам аб праграме дзейнасці ўрада да 2025 года.

"Прадугледжваецца комплекснае карэктаванне заканадаўства аб міграцыі", — сказаў ён. Гэта робіцца, каб прыпыніць эміграцыю беларусаў, перадае БЕЛТА.

"Значныя намаганні будуць накіраваныя на скарачэнне адтоку насельніцтва, перш за ўсё моладзі, надання знешняй міграцыі зваротнага характару, прадухілення так званай уцечкі мазгоў", — сказаў кіраўнік урада.

Акрамя таго, ва ўрадзе збираюцца працаваць над стымуляваннем прытоку ў краіну высокакваліфікаваных замежнікаў.

Начальнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун у канцы кастрычніка паведамляў, што за паўтара месяца — з верасня 2020 года — толькі ў Польшчу выехала блізу 10 тысяч чалавек. Яшчэ каля 3 тысяч перабраліся ва Украіну. Акрамя таго, людзі сотнямі ехалі ў Літву і Латвію. Бягун выказаў здагадку, што людзі едуць на працу, а не вяртаюцца праз складаную эпідсітуацыю. "Думаю, гэта не незваротная, гэта працоўная міграцыя", — сказаў тады ён.

У сераду стала вядома пра ад'езд з Беларусі пісьменніка Альгерда Бахарэвіча. Ён некалькі месяцаў хадзіў на вулічныя маршы і ганарыўся Мінскам, але "ў кастрычніку мяне апанавалі жах і скептыцызм", апавядае пісьменнік. Ён змог з'ехаць дзякуючы атрыманай літаратурнай стыпендыі. Свой ад'езд Бахарэвіч называе не эміграцыяй, а выгнаннем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.