У Беларусі выканалі два смяротныя прысуды

У Беларусі выканалі два смяротныя прысуды

У Беларусі выканалі два смяротныя прысуды. Пра гэта стала вядома выпадкова, падчас разгляду у Вярхоўным судзе апеляцыі іншых двух асуджаных на смяротнае пакаранне — Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухаркі (яны былі асуджаны за забойства трох чалавек). Як інфармуе партал tut.by, Сухарка распавёў падчас працэсу, што правёў у камеры смяротнікаў чатыры месяцы. "З 15 на 16 траўня забралі з камеры Міхаленю і Летава", — сказаў ён.

Як вядома, улады не паведамляюць пра вынясенне смяротных прысудаў, таму даведацца пра гэта можна амаль выключна ад сваякоў асуджаных, з якімі кантактуюць праваабаронцы.

Аляксею Міхалені было 33 гады. У сакавіку 2017-га жыхара Нароўлі асудзілі на смяротнае пакаранне за наўмыснае забойства двух асоб, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю. Міхаленя (раней ён ужо адбываў пакаранне за забойства) сцвярджаў, што прыйшоў да пенсіянераў за нажніцамі і на яго, нібыта, напаў 61-гадовы гаспадар. Ён забіў гаспадара і яго 59-гадовую сястру.

Віктару Летаву быў 31 год. Летась ён здзейсніў забойства на тэрыторыі папраўчай калоніі ў Глыбокім з-за "асабістай непрыязнасці". Нанёс мужчыне не менш за 60 удараў вострым прадметам. На той час ён быў двойчы асуджаны за забойствы. Чарговы прысуд быў агучаны ў верасні 2017-га.

Як вядома, Беларусь — апошняя ў Еўропе краіна, у якой існуе смяротнае пакаранне. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, еўрапейскія структуры неаднаразова заклікалі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ці ўвогуле яго адмяніць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі