У Беларусі ўжо 241 выпадак адру, хварэлі нават прышчэпленыя

У Беларусі ўжо 241 выпадак адру, хварэлі нават прышчэпленыя

У Беларусі зарэгістраваны ўжо 241 выпадак адру, у тым ліку сярод прышчэпленых. Пра гэта TUT.by паведаміла намесніца начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан. Паводле інфармацыі спецыяліста, 26% захварэлых мелі па дзве прышчэпкі згодна з нацыянальным календаром. Астатнія 74% не мелі прышчэпак або былі прышчпленыя не цалкам.

Пераважалі завазныя выпадкі адру. Захворванне прыходзіла ў асноўным з Украіны, краінаў Еўрасаюза, Егіпта, Расіі.

Вялікі адсотак прышчэпленых сярод тых, хто ўсё ж заразіўся адром, прадстаўніца Мінздароўя патлумачыла тым, што імунная сістэма кожнага чалавека ўнікальная. Агулам у Беларусі вельмі малая колькасць людзей не мае прышчэпкі, а распаўсюд захворвання адбываецца сярод тых, хто не вакцынаваўся або рабіў толькі адну прышчэпку. Да таго ж бываюць выпадкі, калі імунітэт слабее, бо прышчэпка рабілася даўно.

У суседніх краінах адзначаецца рэзкі рост колькасці захворванняў на адзёр. Станам на 17 кастрычніка, на тэрыторыі Еўропы сёлета зарэгістравана болей за 60 тысяч выпадкаў. 37 чалавек памерла.

Польшча плануе забараніць уезд на сваю тэрыторыю асобаў, якія не маюць прышчэпкі супраць адру. Іна Карабан мяркуе, што ў такіх выпадку для многіх беларусаў з’явіцца стымул прайсці вакцынацыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі